«Заходнебеларуская Атлантыда» — хутка прэзентацыя
У выдавецтве «Галіяфы» ўбачыла свет «Заходнебеларуская Атлантыда» — кніга кандыдата гістарычных навук і журналіста НЧ Ігара Мельнікава. Гэта другое выданне з серыі «Бібліятэчка Новага часу».
Кніга прысвечана гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час. У яе ўвайшлі артыкулы Ігара Мельнікава, большасць з якіх была надрукавана на старонках нашай газеты.
Першы раздзел выдання прысвечана аналізу гісторыі заходнебеларускіх тэрыторый у складзе Другой Рэчы Паспалітай. Чытачы змогуць пазнаёміцца як з жыццём звычайных беларусаў у 1921–1939 гады, так і з біяграфіяй цікавых гістарычных асоб, звязаных з нашай краінай. Асаблівую цікавасць выклікаюць нарысы, прысвечаныя гісторыі крыміналу ў Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах міжваеннай Польшчы.
У другім раздзеле распавядаецца пра падзеі верасня 1939 года, удзел беларусаў у складзе польскага войска ў Вераснёўскай кампаніі 1939 года, малавядомыя бітвы Войска Польскага з нямецкім вермахтам і Чырвонай Арміяй, якія адбываліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў самым пачатку Другой Сусветнай.
У трэцяй частцы кнігі аналізуецца гісторыя сталінскіх рэпрэсій супраць грамадзян Заходняй Беларусі, а таксама сумнавядомы Беларускі катынскі спіс.
Нарэшце, у чацвёртым раздзеле выдання змешчаны нарысы пра некаторыя малавядомыя старонкі гісторыі Беларусі.
“Гэта кніга — вынік маёй пяцігадовай працы ў архівах розных краін. Акрамя гэтага, за гэты час я аб’ездзіў і ўбачыў шматлікія мясціны Беларусі і пазнаёміўся з цікавымі сведкамі той эпохі, якую мы зараз называем “міжваенны час”. Акрамя гэтага, у маёй прыватнай калекцыі вялікая колькасць аўтэнтычных здымкаў, матэрыялаў і дакументаў 1920-1940 гадоў, частка з якіх апублікавана ў “Заходнебеларускай Атлантыдзе”. Прыйшоў час, каб сучасныя беларусы адкрылі для сябе гістарычную праўду пра падзеі 1921-1939 гг. у Заходняй Беларусі”, — адзначыў Ігар Мельнікаў.
У пачатку 2015 года ў Мінску адбудзецца прэзентацыя “Заходнебеларускай Атлантыды”, падчас якой кожны жадаючы зможа атрымаць кнігу з аўтографам аўтара. Плануецца, што выданне таксама будзе прадстаўлена і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама за мяжой.