Заява Сакратарыята ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

Як паведамляюць СМІ, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце гістарычны факультэт будзе рэарганізаваны ў гісторыка-сацыягуманітарны. Гэтае пытанне вырашаецца кіраўніцтвам універсітэта. Мяркуецца, што ў склад новага, аб’яднанага факультэта акрамя гістарычных спецыялізацый увойдуць журналістыка, турызм і міжнародныя камунікацыі. Не выключана, што ў сувязі з гэтым аб’яднаннем адбудзецца скарачэнне выкладчыцкага складу.



lit_bel_logo.png

Шырокую ўвагу грамадскасці выклікалі звальненні выкладчыкаў гістарычнага факультэта ГрДУ, звязаныя з выхадам кнігі “Гродназнаўства”, якія пачаліся з восені 2012 года. Рэарганізацыя гістарычнага факультэта становіцца разбуральным працягам гэтых падзей, накіраваных супраць гістарычнай навукі і адукацыі.

Менавіта веданне гісторыі фарміруе нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў, з’яўляецца важным чыннікам дзяржаўнай ідэалогіі і падмуркам нацыі. Вывучэнне гістарычных дысцыплін, як і гуманітарных навук увогуле, з’яўляецца неабходнай умовай высокай цывілізаванасці беларускага грамадства, спрыяе захоўванню і перадачы духоўных каштоўнасцей наступным пакаленням.

Лепшыя творы беларускай літаратуры прысвечаныя гістарычнай тэматыцы або створаныя на адпаведным матэрыяле. Вялікім попытам у чытачоў карыстаюцца навукова-папулярныя кнігі па гісторыі.

Многія вядомыя пісьменнікі, грамадскія дзеячы з’яўляюцца выпускнікамі гістарычных факультэтаў — Сяргей Абламейка, Уладзімір Арлоў, Антон Астаповіч, Сяргей Ёрш, Валер Карбалевіч, Алесь Краўцэвіч, Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Алег Трусаў і іншыя.   

Сакратарыят ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў” выказвае занепакоенасць такой сітуацыяй і дзеяннямі кіраўніцтва навучальнай установы і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і  патрабуе перагледзець гэтае дэструктыўнае рашэнне.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"