Затрыманні ў Свіслачы на ўшанаванні памяці братоў Каліноўскіх
Трох хлопцаў і адну дзяўчыну затрымалі падчас грамадскай акцыі па ўшанаванні памяці Каліноўскіх і адзначэнні ўгодкаў паўстання 1863 году ў Свіслачы Гарадзенскай вобласці.
Акцыя памяці ў Сьвіслачы традыцыйна праходзіць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, фота 2010 году
Пра гэта Радыё Свабода паведаміў грамадскі актывіст Міхаіл Пашкевіч:
«Спачатку затрымалі двух хлопцаў за бел-чырвона-белыя сцягі. А ўжо па вяртанні з фальварку Якушоўка затрымалі Алеся Крата і Станіславу Гусакову за тое, што яны нібыта парушылі правілы
правядзення грамадскай акцыі. Зараз мы ўсе едзем у РУУС за імі, каб даведацца, што з імі адбываецца».
Паводле слоў Міхаіла Пашкевіча, у акцыі прынялі ўдзел каля 30 чалавек. Сярод прамоўцаў быў былы палітвязень Сяргей Каваленка.
Акцыя ў Свіслачы традыцыйна адбываецца штогод з 1996 году. Некалькі гадоў таму ў Свіслачы знайшлі і аднавілі магілу старэйшага брата Кастуся Каліноўскага Віктара. Былі таксама адшуканыя падмуркі
гімназіі, у якой вучыліся браты Каліноўскія і падмуркі іх фамільнай сядзібы. Удзельнікі акцыі звычайна ўскладаюць кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму.