«Знікла апошняя надзея не стаць зняволенай турмы». Вольга Маёрава ўжо месяц за кратамі

Грамадская актывістка напісала некалькі лістоў з СІЗА КДБ свайму сыну Сяргею. Дзелімся вытрымкамі з іх.

img_1633_1_1.jpg


«Пакуль галоўная выснова — трэба максімальна берагчы здароўе, бо тут вельмі абмежаваны рух, мала свежага паветра пры пастаянным стрэсе», — піша Вольга. Яна згадвае пра тое, што, магчыма, ёй спатрэбіцца прайсці медабследаванне. Раней паведамлялася, што жанчына захварэла на каронавірус.
Яна зазначае, што першы час у зняволенні дзень у яе быў пераблытаны з ноччу, і толькі цяпер яна пакрысе вучыцца зноў спаць па начах.
«Было б цудоўна, калі б да месяца майго ўтрымання тут (4.02) ты напісаў у Фэйсбуку ад майго імя і перадаў бы прывітанне ўсім сябрам. Мне так не хапае стужкі ў сеціве, але пакрысе прывыкаю», — зазначае Вольга.
Таксама яна цікавіцца, як пажывае яе хворы сабака Бай.
«Ведаеш, тут добра, калі ёсць праца, — піша Вольга ў іншым лісце сыну. — Сёння занялася прыборкай і атрымала поўнае маральнае задавальненне. Дзень праходзіць хутчэй і хоць крыху мае сэнс. А ты ж ведаеш маю “любоў” да прыборкі».
Яна працягвае:
«Вельмі цікава назіраць за людзьмі, за тым, як нават мінімальнага памеру група капіруе ўсю структуру нашага грамадства. Гэта цудоўная трэніроўка перад сапраўднай турмой».
На турэмную ежу Вольга Маёрава не скардзіцца, толькі перадае, што вельмі не хапае раслінных і малочных прадуктаў. А яшчэ піша, што вельмі сумуе па драніках, якія гатуе сын.
Актывістка піша, што інфармацыю яна атрымлівае з афіцыйных крыніц, якім не давярае. У зняволенні ў яе ёсць магчымасць чытаць хіба «СБ» і «АіФ».
У адным з лістоў жанчына згадвала, што сустракалася з адвакатам і, па яе словах, ніякіх падставаў трымаць яе ў абвінавачаных па справе няма. Таму адвакат мусіў адправіць хадайніцтва аб вызваленні Вольгі следчаму, а пазней — у Генеральную пракуратуру.
Аднак яшчэ ў адным лісце жанчына піша, што ў яе знікла апошняя надзея на тое, што ў яе ёсць шанец не стаць зняволенай турмы.
«Гэта ўспрымаецца на дзіва спакойна. Магчыма, таму, што гэтай надзеі адпачатку амаль не было», — зазначае яна.
Як паведаміла грамадская актывістка Ганна Шапуцька, неабыякавыя людзі сабралі для Вольгі Маёравай грошы на аплату паслуг адваката і перадачы. Дапамога патрэбна і яе сыну. Калі вы маеце жаданне і магчымасць дапамагчы, звяртайцеся да Ганны Шапуцькі ці Васіля Завадскага.
— Сяргей мне паведаміў, што да яго ў веску прыязжалі з КДБ наконт канфіскацыі маёмасці — маўляў, у Вольгі цяжкі артыкул, які гэта прадугледжвае, — распавяла «Новаму Часу» Ганна Шапуцька.
Зазначым, што суда над Вольгай Маёравай яшчэ не было. Магчыма, такім чынам на яе сына спрабуюць аказваць ціск.
Нагадаем, грамадская актывістка і экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольга Маёрава была затрыманая 4 студзеня. Папярэдне па месцы яе жыхарства, у вёсцы Нача Крупскага раёна, быў праведзены ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.
Пакуль дакладна не вядома, у чым абвінавачваюць Вольгу Маёраву, але яе затрыманне звязваюць са справай Мікалая Аўтуховіча.