Журналістку "Белсата" аштрафавалі за "саўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ"

Суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок аштрафаваў журналістку Ларысу Шчыракову на 3,6 млн рублёў (20 базавых велічыняў). Журналістку абвінавацілі ў "незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ".



044.jpg

Пры вынясенні рашэння суддзя пагадзіўся з довадамі Шчыраковай, што ў Адміністрацыйным кодэксе гаворыцца пра юрыдычную асобу — рэдакцыі СМІ, а не пра фізічную асобу. Таму ў прысудзе Казачок зрабіў агаворку — "за саўдзел у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ".

Міліцыянты спаслаліся на тое, што 13 студзеня Шчыракова здымала на відэа на Цэнтральным рынку Гомеля прадпрымальнікаў. Пазней сюжэт аб праблемах ІП з'явіўся на тэлеканале "Белсат". Пры гэтым журналістка не акрэдытаваная як карэспандэнтка "Белсата".

На судзе Шчыракова заявіла, што не лічыць сябе вінаватай у правапарушэнні, бо не з'яўляецца ні штатнай, ні пазаштатнай карэспандэнткай тэлеканала "Белсат". Яна заявіла, што зняла відэа на рынку і размясціла яго на канале YouTube у інтэрнэце.

Тым не менш суддзя прызнаў яе вінаватай і аштрафаваў.

Разгляду чакаюць яшчэ два пратаколы на Шчыракову — за здымкі 10 сакавіка прадпрымальнікаў на рэчыцкіх рынках.

БелаПАН