Кампанія “Гавары праўду” абвесціла пра пачатак вылучэння намінантаў на прэмію Святланы Навумавай

Святлана Андрэеўна была прафесарам ЕГУ на факультэце філасофіі і палітычных навук. Падрыхтавала некалькі дзесяткаў магістраў палітычных навук, многія з якіх з'яўляюцца кіраўнікамі беларускіх НДА.



navumava1103111.jpg

Святлана Навумава

Як паліттэхнолаг і палітычны кансультант працавала ў выбарчых кампаніях на прэзідэнцкіх выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў, выбарах у Вярхоўны Савет 1995 года, выбарах у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 2000 года. У 1994 годзе атрымала прапанову працаваць у штабе кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, але адмовілася і удзельнічала ў камандзе Станіслава Шушкевіча.

У 2009 годзе ў Святланы Навумавай абвастрылася захворванне нырак, якая зрабіла яе прывязанай да працэдуры дыялізу, фактычна інвалідам. Нягледзячы на хваробу, яна стала адным з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду". Працавала ў штабе кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева.

Святлана Андрэеўна Навумава памерла 10 сакавіка 2011 года ў Мінску.

Прэмія імя Святланы Навумавай прызначаецца за крэатыўнасць і глыбіню даследавання палітычнага жыцця краіны, актыўнасць і неабыякавасць у грамадскай прасторы. Закліканая стымуляваць дзейнасць палітычных журналістаў, а таксама звярнуць увагу на перспектыўных маладых грамадскіх дзеячаў у Беларусі, падтрымаць цікавыя праекты грамадзянскай супольнасці.

Прэмія ўручаецца з 2012 года ў трох намінацыях: журналістыка (“За грамадзянскую і маральную пазіцыю”), аналітыка (“За глыбіню думкі і навуковую адказнасць”) і палітычная дзейнасць (“Надзея”, уручаецца маладым палітыкам да 35 гадоў). У 2014 дададзена намінацыя “Сацыяльная інавацыя – задума года”.

Права намінавання на прэмію ёсць у кожнага чалавека, палітычнай партыі, грамадскай арганізацыі, рэдакцыі СМІ.

Вылучэнне прэтэндэнтаў на прэмію ва ўсіх намінацыях адбываецца праз спецыяльную форму на сайце navumava.by.

Пасля падліку прапанаваных імёнаў/праектаў журы прэміі, якое складаецца з сябраў Рады грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” і лаўрэатаў прэміі мінулых гадоў, складае шорт-ліст намінантаў (па тры ў кожнай намінацыі).

Нагадаем, што раней лаўрэатамі прэміі станавіліся

- у намінацыі журналістыка (“За грамадзянскую і маральную пазіцыю”): Святлана Калінкіна, шэф-рэдактар газеты "Народная воля"; Андрэй Пачобут, уласны карэспандэнт "Газеты Выборчай" па Беларусі; Зміцер Лукашук, карэспандэнт “Еўрарадыё”;

- у намінацыі аналітыка (“За глыбіню думкі і навуковую адказнасць”) Валерыя Касцюгова, каардынатар праекта "Беларускі штогоднік"; Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі "БелаПАН"; Іна Рамашэўская, кіраўнік даследаванняў праекта BIPART

- у намінацыі палітычная дзейнасць (“Надзея”) Настасся Палажанка, адна з лідараў "Маладога Фронту"; Павел Вінаградаў, лідар моладзевага нефармальнага аб'яднання "Zмена", былы палітвязень; Аксана Самуйлава, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” па Магілёўскай вобласці;

- летась у намінацыі “Сацыяльная інавацыя – задума года” перамог праект TALAKA.BY.

Вылучэнне прэтэндэнтаў працягнецца да 23 гадзін 15 сакавіка.

Шорт-ліст намінантаў вы ўбачыце 17 сакавіка.

Прэс-служба кампаніі “Гавары праўду”