Альбом Liudzi na Balocie амаль гатовы. Засталося зусім крыху, каб ён пабачыў свет!

Дапаможам Liudzi na Balocie выпусціць апошні альбом і разам сабрацца на канцэрт! Музыкам неабходна сабраць дзеля гэтага 2000 еўра.

636b6e1c23381.jpg

Фольк-рок-гурт “Людзі на балоце” паўстаў у 2010 годзе, ужо ў 2012-м музыкі запісалі першы студыйны альбом. У песнях на кружэлцы, якая так і называецца — “Людзі на балоце”, — гучалі паўстанцкія і антыбальшавіцкія матывы.

Пазней гурт перайшоў да лірычнай музыкі. Так, “Людзі на балоце” адрэпетавалі і запісалі каля 25 песень. У асноўным — на вершы гродзенскай паэткі Дануты Бічэль, а таксама на словы паэткі з Падляшша Марылькі Базылюк-Саснюк. Праца на студыі распачалася яшчэ ў 2013 годзе і эпізадычна працягвалася ў 2014-м. Аднак у 2014 годзе гурт спыняе сваю дзейнасць.

Паміж сабой музыкі дамовіліся, што пра распад гурта будзе абвяшчана пасля выхаду апошняга альбома, які на той момант быў запісаны на 80%. Аднак праца замарудзілася на гады.

— Сёння прыйшоў час, каб альбом дарабіць і выдаць, бо шкада песень, якія ляжаць на паліцы, — кажа музыка Алесь Дзянісаў, таму ён сёння апякуецца лёсам праекта. — Я хачу, каб гэты альбом пачулі тыя, хто дапамагаў яго ствараць. Я хачу, каб гэты альбом пачула мая маці. Ёй падабаюцца гэтыя песні. Нарэшце, я хачу, каб гэтыя песні пачула наша паэтка Данута Бічэль. Яна — не толькі наша ўсё ў маштабах Гародні. Яна — адна з апошніх беларускіх класікаў, яна яшчэ з намі, на гэтай зямлі! Вельмі хочацца, каб Данута Янаўна паспела паслухаць песні на свае вершы.

Давайце дапаможам “Людзям на балоце” выдаць свой апошні альбом і сабрацца разам з канцэртам! Ужо ў Варшаве на выступы прыйдуць удзельнікі гурта Dzieciuki, а таксама запрошаныя музыкі.

Каб запісаць інструменты, звесці матэрыял і зрабіць мастарынг, трэба сабраць 2000 еўра.

— З выхадам альбома гурт “Людзі на балоце” спыніць сваю дзейнасць. Не будзем адмаўляць: цяпер музыкі аб'ядноўваюцца для развіцця тура, — кажа Алесь Дзянісаў.