«Аляксандра і Канстанцін» пашыраюць склад, каб прадставіць новы альбом
Дуэт «Аляксандра і Канстанцін» пры ўдзеле запрошаных музыкаў прадставіць ужывую свой новы альбом «M1» у межах праекту «Жывы Тузін».
Першыя прадстаўнікі Беларусі на «Еўрабачанні» рэдка выступаюць з сольнымі канцэртамі, хоць пастаянна гастралююць па іншых краінах, удзельнічаюць у разнастайных музычных праектах і нястомна працуюць у студыі.
Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза тлумачаць, што вялікі канцэрт для іх вельмі адказная справа, якая вымагае шмат сілаў для падрыхтоўкі. А таму – мусіць быць важкая нагода для яго. Такая, як напрыклад 1 мая, калі ў межах праекту «Жывы Тузін» адбудзецца клубная прэм’ера іх новага альбому «М1».
«Праца над новымі творамі вялася некалькі год і за гэты час атмасфера між намі і нашымі песнямі наэлектрызавалася да вышэйшай кропкі. Так што прыспеў час падзяліцца сваімі самымі актуальным музычнымі думкамі і публічна выканаць праграму на мяжы гэтага накалу», — кажа Аляксандра. 1 мая ў Loft cafe дуэт выступіць у пашыраным складзе. Да яго далучацца сапраўдныя майстры сваёй справы — бубнач Аляксандр Старажук, які граў у гуртах «Палац» і «Ляпіс Трубяцкой», басіст Вячаслаў Сяргеенка (WZ-orkiestra, Tanin Jazz, «У нескладовае») і джазавы піяніст Дзмітры Хаменка.
Госцем вечара будзе каманда «БарЖоМі», якая грае меладычную інструментальную музыку, насычаную дыалогамі скрыпкі і гітары. У назве праекту зашыфраваны тры гарады, з якіх паходзяць удзельнікі — Барысаў, Жодзіна і Мінск. Выступ гэтай фармацыі на чале з гітарыстам-віртуозам Аляксандрам Атчанашанкам таксама можна лічыць унікальным, бо «БарЖоМі» лічыцца студыйным праектам і на сцэне паказваецца вельмі рэдка.
Весьці канцэрт «Жывы Тузін» па традыцыі будзе Алег Хаменка. Не абыйдзецца справа без падарункаў ад сяброў «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі».
1 мая (серада). 19.00. Loftcafе (вул.П.Броўкі, 22).
«Аляксандра і Канстанцін». Клубная прэм’ера новага альбому «М1» + лепшыя песні
Пры ўдзеле Аляксандра Атчанашанкі, Аляксандра Старажука, Дзмітрыя Хаменкі, Вячаслава Сяргеенкі.Спецыяльны госць — гурт “БарЖоМі”. Вядучы — Алег Хаменка.
Кошт: 80 000 руб. Квіток на дзве асобы — танней!
Квіткі можна набыць у касах KVITKI.BY і непасрэдна ў клубе перад канцэртам
Замовіць столік: +375 29 38-000-10
Іншыя пытаньні: + 375 29 687-20-93