„Басовішча-2014″: Першы дзень (шмат фота)
Учора ў польскім Гарадку распачаўся фестываль "Басовішча". "Радыё Рацыя" прапануе справаздачу пра першы дзень канцэрта. Сёння ж, 19 ліпеня, выступяць «Крама», украінскі гурт «Гайдамакі»…
І нарэшце на сцэне легендарны гурт ZNICH, які завяршыў першы дзень фестывалю «Басовішча».
Znich утварыўся ў Мінску ў 1996 годзе ў складзе: Алесь Таболіч – спеў, Аляксандр Беленькі – клавішныя, Аляксей Таргонскі – гітара, Вікторыя Сычэвіч – бас, Аляксандр Гарох – бубны. 13 лютага 1997 года адбылася прэзэнтацыя дэбютнага матэрыялу ў клюбе «Вясёлка». Ён быў запісаны на студыі Prokl Enterprise і атрымаў назоў «Язычнiк Я…». Музыка гурту ў той пэрыяд уяўляла сабой прыгожую сумесь doom і death metal з перавагай клявішаў і паганскай лірыкай, і, дзякуючы яе безумоўнай самабытнасьці, ZNICH атрымалі магутную падтрымку як з боку фанатаў, так і ў музычных крытыкаў. У 1999 гурт выдаў альбом «Дух Зямлi». У 2011 годзе правёў юбілейнае турнэ с прэзэнтацыяй новага альбому «MROYA».
На сцэне – гурт RE1IKT
Гурт з’явіўся ў 2001 годзе ў Светлагорску і першы час граў у стылі old school grunge. У тым жа годзе калектыў прыняў ўдзел ў праекце Hard Life: Heavy Music. Цягам свайго існавання гурт запісаў альбом, адыграў канцэрты ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а потым переехаў ў Гомель ды змяніў стылістыку на прагрэсіў-рок.
Перажыўшы рэбрэндынг, Re1ikt прыняў удзел ў «Адборышчы-2006» ды конкурсе Global Battle of the Bands-2007, трапіў ў шасцёрку найлепшых. Гурт Re1ikt стаў уладальнікамі галоўнага прыза мэра горада Гайнаўка і прыза глядацкіх сімпатый на фестывалі Rockowisko Hajnowka 2013.
На родную сцэну ўзняўся гарадоцка-беластоцкі гурт 5set5.
Гурт 5set5 вядомы перадусім сваёй адметнай вакалісткай Ілонай Карпюк. Самі музыкі не бяруцца вызначаць свой стыль, называючы сваю музыку спэцыфічнай. Тут напраўду можна сустрэць уплывы і панку, і хард-кору, і арт-року. Гурт, які спявае па-беларуску, лічыць «Басовішча» зручнай пляцоўкай, каб іх музыка сягала ў Беларусь. «Гэта важна для нас, бо, калі раней былі магчымасьці прэзентаваць сваю музыку ў Беларусі, то цяпер гэта амаль не магчыма», – кажа Ілона.
Першы канцэрт „Басовішча-2014″ наблізіўся да апагею. На сцэну ўзняліся музыкі гурта LITVINTROLL.
Гурт быў заснаваны ў 2005 годзе вакалістам і дударом Андрэем Апановічам і бубначомСяргеем Тапчэўскім з гурта «Стары Ольса». У сваім актыве мае два альбомы Rock’n’Troll (2009), Czornaja Panna (2013). Гурт вельмі шмат гастралюе. Цягам апошніх чатырох гадоў «тролі» давалі канцэрты і ўдзельнічалі ў фэстах у Польшчы, Украіне, Літве, Германіі, Аўстрыі, Эстоніі, Расеі. У планах хлопцаў – пашырэнне геаграфіі сваёй музыкі, арыентацыя на скандынаўскія краіны, дзе фольк-метал – традыцыйна папулярны кірунак музыкі.
Эстафету пераняў гурт IQ48
Гурт IQ48 утварыўся ў 2000 годзе. Першапачаткова калектыў складаўся з двух вакалістаў, якія чыталі рэп пад жывы акампанэмэнт гітары і драм-машынкі, а ў 2002 годзе гурт абзавёўся бубначом, басістам і саксафаністам. Змянілася і музыка калектыву: IQ48 зайгралі мілагучную сумесь року, гіп-гопу, ска і фанку. Стылістычнымі рамкамі гурт сябе не абмяжоўвае і па гэты дзень, прапаведуючы поўную волю творчасці. Прыблізна ў гэты жа перыяд нарадзіўся і знакаміты слоган калектыву «IQ48 — здаровыя лосі!». Адначасова з гэтым гурт прынцыпова і канчаткова перайшоў на беларускую мову выканання песень. У новым амплюа IQ48 сталі пераможцам рок-фэсту «Басовішча-2003», паклаўшы пачатак сваім штогадовым выступам на гэтым фэсце. У 2008 годзе IQ48 выступалі на «Басовішчы» ўжо ў якасьці хэдлайнэраў. У лістападзе 2011 году выйшаў новы альбом гурту IQ48 — HMR.
На сцэне „Басовішча” гурт :B:N.
Гурт заснаваны ў 1999 годзе. Музыку для гурту піша гітарыст ды спявак Алесь Лютыч. Пераможцы фэсту «Басовішча» ў 2002 годзе. У тым жа годзе быў запісаны дэма-альбом «Праз сябе», частка песень зь якога ўвайшла ў першы альбом «Не трывай» (2004). Удзельнічалі ў якасьці гасцей у фэстах «Басовішча» ў 2004—2007, 2009 гадах. У 2006 выпускае альбом «Жыве рок & рол». 24 чэрвеня 2010 года гурт выпусціў інтэрнэт-самотнік «Жыццё маё», які з’яўляецца адным з этапаў напісання новага альбома. У 2012 годзе пасля працяглага часу быў выдадзены доўгачаканы альбом «Крок за крокам», які ўключае ў сабе 15 кампазіцыяў.
Фота Аляксея Трубкіна
Фота Андрэя Мялешкі
Пачаўся першы дзень „Басовішча-2014″. Фестывальны канцэрт адкрыў сваім выступам менскі гурт „Тлушч”.
Гурт «Тлушч» узнік ў жніўні мінулага года на аскепках панк-фармацыі «Завулак Vinny Stigm’ы». Яго ўдзельнікі даўно знаёмыя, гралі ў розных гуртах і, як самі яны адзначаюць, «не першы год ў панк року». Але з новым гуртом сталі граць і новую музыку. На прыканцы мінулага года гурт «Тлушч» прэзентаваў аднайменны дэбютны альбом. Ён складаецца з 11 “дасціпных і жвавенькіх” трэкаў пра жыццё. Гурт называе гучанне сваёй панк-пласцінкі “тлустым” і адзначае прысутнасць уплываў такіх стыляў, як глэм, сальса, ска, дыска і поп-балада.
* * *
З урочышча Барык наш карэспандэнт на сувязі Мілана Вераснёва:
— Доджык тут трошачку ёсць. Спадзяемся, што ён не будзе моцным, а толькі настрой створыць. Спадзяемся, што дзень будзе ясным да вечару. А настрой файны. Падцягваюцца ўжо слухачы. Усё больш і больш. Гурты, на шчасце, таксама ўсе прыбылі. Толькі на прыемнае спадзяемся. Ёсць адна прыемная неспадзяванка для слухачоў Радыё Рацыя. Тут у нашай маленькай студыі Вінсент – вядучы канцэрту, музыка, і я перадаю яму слова. На што спадзяемся? Чаго чакаем?
Вінсент:
— Фестываль павінен быць незвычайным, бо 25 раз – сапраўдны юбілей. Чалавек у жыцці святкуе тры юбілеі – 25, 50 і 75. А хто далей жыве, той і больш юбілеяў святкуе. І
“Басовішча” будзе святкаваць больш юбілеяў. Гэта будзе круты фестываль! Будзе Лявон Вольскі, “Крама”, моцны украінскі гурт “Гайдамакі” . Сёння
будуць :B:N / IQ48 / LITVINTROLL / 5set5 / RE1IKT і ZNICH – яны ўжо неаднаразова выступалі на “Басовішчы”.
TLUSHCH / :B:N / IQ48 / LITVINTROLL / 5set5 / RE1IKT і ZNICH сёння выступяць ва урочышчы Барык. Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”” распачнецца ўжо а 18 гадзіне. Прамая трансляцыя на Беларускім Радыё Рацыя да апошняга выступоўцы сёння і заўтра.
Ва ўрочышчы Барык, што каля Гарадка, рыхтуюцца да адкрыцця двухдзённага фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Зараз праходзяць рэпетыцыі, ужо можна пабачыць выставу плакатаў з усіх папярэдніх “Басовішчаў”.
Паводле Беларускае Радыё Рацыя