«Беларусьфільм» здыме фільм па Караткевічу. Ужо вядомыя падрабязкі

Атрымліваецца, не толькі пра партызанаў і вайну ўмеюць ствараць кіно ў Беларусі. Новы праект павінны ўзрадаваць прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Караткевіча.

halszany1.jpg

Навіна аб экранізацыі кнігі «Чорны замак Альшанскі» з’явілася 14 сакавіка, як піша выданне «Звязда». Рыхтуе фільм Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Распачаць здымачны працэс плануюць пасля абароны праекта і сцэнарнага плана ўжо ў красавіку гэтага года.
Сцэнарый па кнізе Уладзіміра Караткевіча быў напісаны прадзюсарам і сцэнарыстам Глебам Шпрыгавым («У чэрвені 1941», «Апошні браняпоезд», «На безымяннай вышыні»). Правы на кнігу студыя выкупіла больш за 10 гадоў таму ў пляменніцы знакамітага пісьменніка. Па словах Уладзіміра Карачэўскага, генеральнага дырэктара кінастудыі, праекту неабходна было даспець. У рэжысёрскім крэсле — расіянін Кірыл Кузін («Сергій супраць нячысцікаў», «Шаснаццаць +», «Клуб»).
Натурныя здымкі будуць праходзіць на тэрыторыі Беларусі. Сам аўтар звяртаў увагу, што архітэктурным прататыпам у кнізе стаў Гальшанскі замак — рэзідэнцыя старажытнага роду Сапегаў у мястэчку Гальшаны ў Гродзенскай вобласці. Акрамя яго, у новым фільме абяцаюць паказаць і іншыя архітэктурныя помнікі нашай краіны. Так, былі згаданы касцёл Святой Веранікі ў вёсцы Селішча, сядзіба Чапскіх у Прылуках, Мірскі замак і іншыя.

Сёння мы можам аб’явіць, што праекту не проста быць — ён цяпер у працы.

Фільм вельмі складаны ў плане пастановак, — адзначыў у размове з журналістамі Уладзімір Карачэўскі. — Акрамя таго, мы ўпершыню працуем з субсідыяй, гэта значыць, што выдзяляюцца грошы на канкрэтны фільм, даводзіцца афармляць вялікую колькасць дакументаў. У найбліжэйшы час прадставім экспертнаму савету тое, што напрацавалі.
У хуткім часе будуць абвешчаны выканаўцы галоўных роляў, сярод якіх, верагодна, з’явяцца не толькі беларускія артысты, але і расійскія. Плануецца, што здымкі будуць завершаны ў ліпені бягучага года, а ўбачыць новую экранізацыю гледачы змогуць увесну 2024 года.

halszany2.jpg

Раман «Чорны замак Альшанскі» Уладзімір Караткевіч напісаў у 1978 годзе. Піянер гістарычнага дэтэктыва стварыў зачаравальную, у пэўнай ступені містычную гісторыю, адным з герояў якой стаў сам замак. Менавіта ў сутарэннях старажытнага напаўразбуранага помніка архітэктуры захаваліся даўно схаваныя скарбы вядомага магнацкага роду Альшанскіх.
Раман вельмі арганічна ўпісаўся ў шэраг твораў аўтара, у якіх ён падкрэслівае шляхетнасць беларусаў («Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда»). А шматгадовую інтэрпрэтацыю нашчадкаў забяспечылі адразу некалькі глыбінных пластоў (рамантычны, рэалістычны і нават мадэрнісцкі) апавядання, удала злучаныя пісьменнікам.
Новая экранізацыя ад «Беларусьфільма» стане другой спробай перанесці на экраны дэтэктыўную гісторыю. Першы фільм па рамане выйшаў у 1984 годзе, праз 6 гадоў пасля выдання «Чорнага замка Альшанскага». Натхніўся творам Уладзіміра Караткевіча рэжысёр, народны артыст БССР Міхаіл Пташук. Знакаміты беларускі кінематаграфіст, які, акрамя Караткевіча, экранізаваў творы В. Быкава, І. Шамякіна і іншых, стварыў двухсерыйны прыгодніцкі фільм.
Як і ў кніжнай версіі, падзеі разгортваюцца адразу ў некалькіх часавых прамежках. XVII ст. — пачатак заняпаду роду Альшанскіх. Часы Вялікай Айчыннай вайны — жудасны і жорсткі час для ўсёй краіны, але не для апошняга атожылка знакамітага роду. Пасляваенны час — прыезд Антона Косміча да рэшткаў старажытнага замка.
Тагачасныя крытыкі адзначалі нетыповую работу з музычным суправаджэннем. Беларускі кампазітар чылійскага паходжання Сяргей Картэс з дапамогай музычных сродкаў стварыў напружаную і змрочную атмасферу смяротна небяспечнага пошуку скарбаў. Карціна адметная і сваім шматнацыянальным складам. У здымках узялі ўдзел беларускія, літоўскія, украінскія і расійскія кінаакцёры. Ролю Антона Косміча выканаў расійскі акцёр Віктар Яўграфаў. Фільм быў зняты на рускай мове.
Разам з тым кінакрытык Тарас Тарналіцкі выказваецца несуцяшальна:
Тут не важна нават, ці пойдуць гледачы на гэты фільм: дзяржаве трэба проста, каб ён быў зняты, а што там з ім атрымаецца потым, ужо нікога не цікавіць.
«Беларусьфільм» так працуе ўжо трэці дзясятак гадоў, ствараючы прадукт дзеля працэсу і для вельмі маленькай аўдыторыі — такой партыйнай эліты, істэблішменту Лукашэнкі.
Акрамя «Анастасіі Слуцкай», можна згадаць і больш сучасныя «нацыянальныя блокбастары» — «Сляды на вадзе», напрыклад, ці зроблены па дзяржаўнай замове «Мы, браты», альбо фільм «Мы адзіныя», які пачалі здымаць летась пра «агульнасць і непадзельнасць» Беларусі.

Беларускія «блокбастары» хутчэй згадваюцца ў звязку са скандаламі і невысокай якасцю атрыманага матэрыялу, прапушчанага праз мінкультаўскую цэнзуру і шматлікія камісіі. І пра гэты фільм, я ўпэўнены, усе забудуць адразу пасля таго, як ён выйдзе ў пракат.


Гаварыць пра яго будуць ці таксама ў сувязі са скандаламі (па маіх адчуваннях, іх будзе адзін ці два), ці прыводзячы як няўдалы прыклад сучаснай экранізацыі беларускай класікі. Бо ўлады выкарыстоўваюць кінамастацтва як інструмент для вырашэння сваіх палітычных задач, а не як нармальную культурную з’яву. Таму і стаўленне да такіх праектаў адпаведнае — без адміністрацыйных метадаў іх ніхто не глядзіць, а калі пабачаць, то доўга плююцца.
Можа, яшчэ расіяне купяць, бо ў іх таксама ёсць праблемы з кантэнтам праз вайну і санкцыі. Але ўсім іншым гэта не трэба — стварэнне годнага кантэнту праз ідэалагічнае сіта ніколі не адбываецца, гэта мёртванароджаная ідэя.