Топ-10 фільмаў Квенціна Таранціна. Да дня народзінаў майстра
Хто ня ведае Таранціна — жывога класіка сусветнага кіно? 27 сакавіка яму спаўняецца 60 гадоў. Каб бліжэй пазнаёміцца з творчасцю майстра, мы падрыхтавалі спіс з лепшых фільмаў, дзе Таранціна выступаў у якасці рэжысэра.

Кадр з фільма юбіляра
Нумар 10. Забіць Біла (Kill Bill: Vol. 1). 2003

На здымках адной з дзвюх частак гэтай стужкі адна з галоўных гераіняў была літаральна пазбаўленая пальца баявым сапраўдным мячом. У гэтым можа быць пэўна водападзел між тымі, хто не можа ўявіць уласны сьпіс улюбёных фільмаў без Таранціна, і тых, хто не можа выносіць ледзьве не бясконцае рубілава ў розных эпохах.
Калі вы тут — хутчэй за ўсё, вы з першай катэгорыі. Творчая сувязь з Умай Турман — адна з галоўных у кар’еры Таранціна. На жаль, сёньня яны знаходзяцца ў асабістым вострым канфлікце. Стужка закіне гледачоў у асяродзьдзе прафэсійнага кілера, якую і грае Ума Турман. Таямнічы Біл робіць спробу забіць яе на вясельлі, але няўдала. З гэтага і пачынаецца высьвятленьне, хто ж такі Біл, і як бы гэта лепш і найбольш выкшталцоўна яго забіць.
Папярэджваем, у стужцы шмат гвалту і крыві. А таксама факт таго, што існуе і патрабуе вашага прагляду частка 2 — будзе вымагаць пільнага прагляду адразу падвойнай порцыі боек на мячах, стрэлаў з пісталетаў і азіяцкіх баявых мастацтваў.
Нумар 9. Доказ сьмерці (Death Proof). 2008

Квенцін Таранціна часам дастае нібы з забытай дзіцячай бляшанкі старых, забытых і пакрытых пылам зорак, каб удыхнуць у іх новае паветра і драйв. У дадзеным выпадку мы ўбачым Курта Расэла, героя баевікоў дагістарычных часоў. Ён разьяжджае на олдскульных аўто, а карэкцыя колераў дае адчуваньне састарэлага фільма другой паловы мінулага стагодзьдзя. Такі сабе герой даўно мінулых дзён у сёньняшніх умовах.
Курт Расэл знаёміцца ў бары з шэрагам паненак, якія відавочна не супраць уляпацца ў прыгоды. Разам зь імі гледачы таксама становяцца замяшанымі ў таямнічныя і містычныя падзеі. Не абыдзецца без чарговых забойстваў, якіх па праўдзе будзе нямала.
Стужка не становіца ў стройны шэрыг пасьлядоўных гісторый. Час увесь час ірвана зьмяняецца на экране, як быццам бы рэгулюецца каробкай перадачаў Курта Расэла. Ён намагаецца адпомсьціць камусьці і не згубіць звычак даўніх гадоў.
Нумар 8. Ненавісная васьмёрка (The Hateful Eight). 2015

Гэты зімовы вэстэрн рэжысэра — альбо вы адразу пачнеце шукаць, дзе легальна паглядзець фільм, альбо прагартаеце на наступны радок нашага рэйтынгу. Усё тое, што мы любім (альбо наадварот) у працах Таранціна — прысутнічае ў гісторыі пра дзікі, але халодны захад.
Восем чалавек апынуліся ў сьнежнай пастцы ў адным пакоі праз віхуру звонку. Выйсьці нельга, але і знаходзіцца разам — мы гэта адчуваем адразу — вельмі небясьпечна. Адно няправільнае слова ці позірк могуць справакаваць рэзкія наступствы. Хтосьці з прысутных відавочна не той, за каго сябе выдае. Шыкоўныя дыялёгі і па-майстэрску падабраны саўндтрэк будуць грэць ваш вечар, пакуль на экране і магчыма за вакном халодна.
Нумар 7. Джэкі Браўн (Jackie Brown). 1997

Новы зорны склад фільма, які паставіў юбіляр: Робэрт Дэ Ніра, Майкл Кейн, Сэмюэл Л. Джэксан, Брыджэт Фонда. Усе разам будуць разьбірацца ў крымінальнай справе, у якой замяшаныя і кантрабандысты зброяй і тыя, хто адмывае грошы, і розныя іншыя нелегальныя справы, заняцца якімі час ад часу ахвочы амаль кожны.
Што вы дакладна адчуеце падчас прагляду – гэта эфэкт поўнага пагружэньня ў крымінальны (ці як яны сябе называюць — бізнэсовы) сьвет з бясконцым чаргаваньнем прыгодаў. Як бонус да прагляду — вас чакае ўласны квэст па адсылках да іншых твораў Таранціна. Хтосьці скажа знакамітую фразу, нехта замовіць сьняданак у кавярні, а хтосьці перад стрэлам зробіць вядомы рух — гэта ўсё аматары маглі ўжо бачыць на момант выхада стужкі. Ну а зараз, праз 25 гадоў тым больш.
Урывайцеся ў сьвет цытаваньня самога сябе.
Нумар 6. Шалёныя сабакі (Reservoir Dogs). 1991

Гэта першы фільм Квенціна Таранціна, і менавіта зь яго варта пачынаць знаёміцца зь яго творчасьцю. У адрозьненьне ад акіяну другавартаснага кінатрэшу, які выходзіць штогод на экраны і стрымінгавыя сэрвісы, тут нас чакае ад пачатку шыкоўны і стылёвы фільм. Адразу адчуваеш, што трапіў на спэцыяльны паказ адмысловай стужкі, дзе ідэальна прапісаныя дыялёгі жывуць у сукупнасьці зь якасным візуалам.
Акторы падабраныя амаль бездакорна. Цім Рот, Майкл Мэдсэн, легендарны Харві Кейтэль у кожнай сцэне паводзяць сябе адзіным магчымым спосабам. Не застаецца адчуваньня, што цябе падманулі, усё разьвіваецца цалкам зразумела.
Што да сюжэту: спецыялісты сваёй справы, незнаёмыя між сабою, былі абраная нейкім магутным чалавекам, каб абрабаваць вельмі дарагую краму. Як вы разумееце, проста рабаваньнем справа ну ніяк не магла скончыцца.
Нумар 5. Аднойчы ў Галівудзе (Once Upon a Time in... Hollywood). 2019

Апошні на гэты момант фільм майстра. Той самы момант, калі суперзоркі выстрайваюцца ў чаргу, каб трапіць у кадр да Таранціна, бо гэта амаль гарантаваны посьпех як на кінафэстах і ўзнагародах, так і сярод гледачоў. У стужцы з такой назвай не магло быць невядомых актораў. Тут і Леанарда Ды Капрыё, і Брэд Піт, і Марго Робі, і суцэльная глыба кіно Аль Пачына. Усе яны граюць некага з сапраўднай мінуўшчыны Галівуда канца 60-х гадоў.
Сюжэт закручаны вакол зоркі вэстэрнаў, які адчувае канец сваёй кар’еры, але спадзяецца праз новы ўдалы фільм «абнавіцца», а таксама яго вернага каскадзёра, які выконвае апроч усіх складанасьцяў на экране яшчэ і працу па дому.
Мы ўбачым крыху альтэрнатыўнае прачытаньне знакамітай гісторыі сэрыйнага забойцы Чарльза Мэнсана, адной з ахвяраў якога была жонка Рамана Паланскі.
Нумар 4. Чатыры пакоі (Four Rooms). 1995

У гэтай стужцы чатыры навэлы, якія былі зьнятыя рознымі рэжысэрамі. Апошнюю, самую крывавую (вы напэўна ўжо звыклі) паставіў Таранціна. У невялікі экранны час ён здолеў падсумаваць працы калегаў і даў героям стужкі раскрыцца напоўніцу.
Цім Рот, які грае супрацоўніка гатэля, спрабуе застацца са здаровай галавой пасьля сустрэчаў з гасьцямі кожнага з чатырох розных пакояў. У апошнім яго чакае і сам Квенцін Таранціна, які час ад часу зьяўляецца ў стужках і ў якасьці актора.
Паўтары гадзіны вас будзе суправаджаць шэраг дзіўных сітуацый, якія ўзьніклі ў самы першы працоўны дзень, выблытацца зь якіх — тая яшчэ справа. Запрашаем у гатэль.
Нумар 3. Джанга вызвалены (Django Unchained). 2012

Сам факт прысутнасьці фільма з ХХІ стагодзьдзя падкрэсьлівае неўміручасьць жанру вэстэрн. Як шматкроць прызнаваўся ў інтэрвію Квенцін Таранціна, рэжысэр гэтай стужкі — фільмы пра Дзікі Захад былі заўжды аднымі з улюбёных асабіста для яго.
У гэтым вэстэрне ня будзе індзейцаў, але будзе нечаканы галоўны герой – чарнаскуры Джанга, які яшчэ зусім нядаўна быў рабом. Ну а зараз ён гатовы на вельмі шмат, каб адпомсьціць былым прыгнятальнікам. У стужцы мы ўбачым Леанарда ды Капрыё ў ролі рабаўласьніка і Джэймі Фокса, які выйшаў на дарогу, дзе, на яго думку, жыве справядлівасьць.
Безьліч шыкоўных дыялёгаў, якія не прайшлі паўз сябраў кінаакадэміі — Таранціна атрымаў чарговы Оскар за лепшы сцэнар. Але перадусім неабходна адзначыць фэерычную гульню Крыстофа Вальца. Вам пажадаецца, каб яго паказвалі ў кадры заўжды. Надзвычай удалая роля актора, які атрымаў заслужаны посьпех ужо ў сваім сталым узросьце.
Нумар 2. Ганебныя выблядкі (Inglourious Basterds). 2009

Квенцін Таранціна напісаў сцэнар і паставіў гэты ваенны фільм, у якім распавядаецца альтэрнатыўная гісторыя папярэдняй вялікай вайны. Адбываюцца дзьве змовы з мэтай забойства кіраўніцтва нацысцкай Нямеччыны: адна была сплянаваная групай амэрыканскіх габрэйскіх жаўнераў, а другая — уладальнікам французскага габрэйскага тэатра.
Таранціна выдаткаваў больш за дзесяць гадоў на стварэньне сцэнара і разглядаў гэты праект як свой шэдэўр і лепшую працу. Ён ахарактарызаваў людзей са стужкі як «не тых звычайных герояў, што мы прызвычаіліся бачыць, якія ўцягнутыя ў вялікую справу Другой сусьветнай вайны».
Фантастычная роля Крыстофа Вальца выглядае як гатовы ўрок акторскага майстэрства найвышэйшага ўзроўню.
Нумар 1. Крымінальнае чытво (Pulp Fiction). 1994

Стужка, якая сапраўды можа называцца культавай. Залатая пальмавая галіна ў Канах, а таксама захапленьне мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце на працягу вось ужо чацьвертага дзесяцігодзьдзя. Улюбёны прыём рэжысэра, калі дзея падзеленая на некалькі асобных навэлаў. Гледачам застаецца толькі атрымліваць задавальненьне і чакаць на разьвязку.
Ледзьве не ўвесь фільм разабраны на цытаты, на постэры і вірусныя ролікі. Бадай што самы знакаміты эпізод, які ўласна не мае вялікага дачыненьня да сюжэта — гэта танец Умы Турман і Джона Траволты.
З народзінамі, Квенцін Таранціна!