Беларускія кінематаграфісты штурмуюць кінафестываль «Артдокфэст/Рыга»

З 2 па 9 сакавіка ў Рызе прайшоў міжнародны фестываль аўтарскага дакументальнага кіно «Артдокфэст/Рыга». У розных конкурсных праграмах фестывалю паказвалі фільмы трох беларускіх кінематаграфістаў, двое з іх выйгралі, трэці яшчэ можа выйграць, калі вы аддасце свой голас за яго.

artdokfest_novy_czas__1__logo.jpg

Узнагароду «Лепшы рэжысёр» атрымала беларуска Саша Кулак за фільм «Ястраб памерам з каня». Стужка ўдзельнічала ў праграме «Artdocfest Open», конкурс для карцін з усяго свету, але з фокусам на Усходнюю Еўропу і Цэнтральную Азію. Журы праграмы адзначыла «адкрыты і ўсвядомлены спосаб працы рэжысёра пры стварэнні фільма на раней невядомай псіхалагічнай тэрыторыі». «Ястраб памерам з каня» — ваў-гісторыя пра арнітолага Лідзію, якая раней была Сяргеем, а зараз у выяве жанчыны будуе ў Шчарбінцы Чорны вігвам з «Цвін Пікс».
Саша Кулак не змагла прысутнічаць на цырымоніі закрыцця, аднак арганізатары фестывалю паказалі яе рэакцыю на перамогу.


Журы праграмы Baltic Focus прысудзіла прэмію «Лепшы рэжысёр» Максу Галамідаву за рэжысуру фільма «Ёёгі», адзначыўшы ўменне рэжысёра «цярпліва назіраць за разнастайнымі цудамі свету і назіраць за імі ў замкнёнай прасторы парку». Сярод прадзюсараў фільма беларуска Воля Чайкоўская, заснавальніца фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» і заснавальніца анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK. «Ёёгі» — фільм аднаго месца, аднайменнага парку Ёёгі ў цэнтры Токіа. Рэжысёр назірае за жыццём парку і яго наведвальнікаў пад надзвычайны саўнд-дызайн, — атрымліваецца вельмі медытатыўна. Сусветная прэм'ера фільма адбылася на найбуйнейшым фестывалю крэатыўнага дакументальнага кіно Ji.hlava IDFF. Можаце паглядзець трэйлер тут.

artdokfest_novy_czas2_logo.png

У праграме «АртдокСетка» ўдзельнічае фільм «Дом там, дзе я?», у якім рэжысёр Арцём Лобач працягвае праз сваю творчасць даследаваць і пераасэнсоўваць тэму дома. Фільм ёсць у свабодным доступе.
А цяпер — увага! Найлепшы фільм конкурсу вызначаць гледачы. Галасаванне будзе праходзіць да 12:00 07 красавіка 2023 года ў Facebook і Telegram фэста. У кожнай сетцы можна аддаць голас за адзін фільм, вынікі будуць сумавацца. 
Фота Мары Вавілоўскай