Бялынічы ў часе і прасторы

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 6 красавіка адбылася прэзентацыя кнігі Юрыя Несцярэнкі «Маё мястэчка ў часе і прасторы», выдадзеная Змітром Коласам.

Юры Несцярэнка

Юры Несцярэнка

Мы ўжо прызвычаіліся да факту, што Несцярэнка — выдатны музыка (яго гурты Nestaryband і White Night Blues выпусцілі некалькі добрых блюз-рокавых кампактаў). І грамадзянскі актывіст, куратар праграм Народнага ўніверсітэта па Бялынічах. І яшчэ перакладчык, чыё беларускае пераўтварэнне кампазіцыі «Снег» выканаў на нашай мове сам яе аўтар, маскоўскі спявак з беларуска-габрэйскімі каранямі Андрэй Макарэвіч  са сваёй слыннай «Машиной времени». Але, як высветлілася, Юры яшчэ і пісьменнік!

yury1.jpg




Год таму ў выдавецтве «Кнігазбор» пабачыла свет яго аўтабіяграфічна-эсэістычная кніжка «Звычайны шоу-бізнес», цікавая неабыякавым і пільна-разумным поглядам на нашае агульнае нядаўняе мінулае, з перспектывай у сучаснасць. А зараз, як паведаміў Юры Несцярэнка на прэзентацыі, ён сабраў пад адной вокладкай свае тэксты, друкаваныя ў розных перыёдыках, і прысвечаныя роднаму мястэчку — Бялынічам. Каб занатаваць іх, Бялынічаў, слаўную гісторыю і — чаму ж без гэтага? — стварыць колькі паэтычных міфаў пра малую радзіму, каб цікаўнасць да яе лёсу не згасала ў сэрцах людзей. А якое было мястэчка! Цудоўнейшай архітэктуры кармеліцкі касцёл і кляштар, заснаваны ў 1624 г. самім Лявом Сапегам, з цудатворным абразом Божай Маці (з-за шматлюднага паломніцтва Бялынічы звалі «рускай Чанстаховай»), цэрквы і сінагогі, магдэбургскае права з 1634 г. (!)

У залі пад час прэзентацыі

У залі пад час прэзентацыі

Але прыйшлі саветы… Касцёла з кляштарам, цэркваў, сінагог не стала. Затое, як напісалі ў савецкім «пуцевадзіцелі», ў Бялынічах з’явілася… рабочая сталовая! – прыгадаў на прэзентацыі бард Зміцер Бартосік, які неаднойчы наведваў Бялынічы з канцэртамі, гасцюючы ў сябры, Юры Несцярэнкі. І дадаў: дачакаемся часу, калі страчанае будзе адноўлена! Менавіта дзеля адраджэння культуры краіны выходзяць такія кнігі, як апошняя літаратурная праца Несцярэнкі.

Юры Несцярэнка і Вольга Акуліч

Юры Несцярэнка і Вольга Акуліч

Юрый Несцярэнка і Эдуард Акулін

Юрый Несцярэнка і Эдуард Акулін

Зміцер Колас

Зміцер Колас

Спявае Зміцер Бартосік

Спявае Зміцер Бартосік

Віка Трэнас

Віка Трэнас


На прэзентацыі чытала вершы Віка Трэнас, спявалі таксама Эдуард Акулін і Вольга Акуліч, апошняя – разам з Несцярэнкам і ўдарнікам Аляксеем Кулешам. Менавіта ў такім складзе тройца выступіць сёння на працягу прэзентацыі, дзе можна будзе набыць і кнігу – па выдавецкім кошце. Канцэрт адбудзецца 7 красавіка, у бары «Брысталь» на вул. Альшэўскага, 10 у Мінску, з 20.00 па 22.30, уваход вольны.