Дзяніс Марціновіч: «У асабістым жыцці Караткевіча былі велізарныя трагедыі»
Пераможца Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Літаратурная крытыка» адкрывае малавядомыя старонкі біяграфіі пісьменніка.
Дзяніс Марціновіч
Кніга, дзякуючы якой вікторыя ўсміхнулася гэтаму маладому даследчыку, называецца «Жанчыны Уладзіміра Караткевіча». Карэспандэнт «Звязды» вырашыла запытацца ў Дзяніса Марціновіча, якія таямніцы яму ўдалося адкрыць у прыватным жыцці Караткевіча?..
Аўтар расказаў, што пісаць кнігу вырашыў невыпадкова. Яму на вочы трапіліся некаторыя супадзенні ў асабістым жыцці герояў Караткевіча некалькіх твораў. Галоўныя гераіні рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» і аповесць «У снягах драмае вясна» мелі аднолькавае імя Алёнка. Больш за тое, яны траплялі ў падобныя сітуацыі. Гэта адразу зацікавіла даследчыка, яму захацелася высветліць: з’яўляецца гэта супадзеннямі ці праўдай, і падобнае, магчыма, адбывалася з пісьменнікам.
У архіве ён знайшоў ліставанне Уладзіміра Караткевіча з яго сябрам, якое ніколі не публікавалася. Там было вельмі шмат фрагментаў пра жанчыну, якую з упэўненасцю можна было назваць прататыпам Алёнкі. Марціновіч убачыў, што фрагменты са свайго ліставання пісьменнік уключаў у раман, амаль не змяняючы. Такім чынам высветлілася, што Караткевіч напісаў гісторыю свайго ўласнага кахання.
«Увогуле я вельмі люблю даведвацца, што было ў сапраўднасці, — гаворыць Дзяніс Марціновіч. — Напрыклад, усе ведаюць, што Ганна Карэніна кінулася пад цягнік. Аднак у рэальнасці жанчына, якая была яе прататыпам, развялася з мужам і жыла са сваім абраннікам. Мне было цікава паглядзець, што насамрэч адбылося ў жыцці нашага класіка».
Пасля выхаду ў 2004 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» серыі публікацый пад назвай «Паляванне на Алёнку» стала зразумела, што з гэтага можа атрымацца цэлая кніга. Аўтар узяўся за працу: часам пісаў больш актыўна, часам запавольваўся.
Паступова пачалі з’яўляцца дадатковыя звесткі. «Ёсць невялікая колькасць кніг пра Караткевіча. Напрыклад, успаміны Адама Мальдзіса, пэўныя іншыя крыніцы, і я выкарыстоўваў іх, — гаворыць Марціновіч. — Да таго ж працаваў у архівах — Беларускім дзяржаўным музеі-архіве літаратуры і мастацтва і аддзеле рэдкай кнігі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук».
Выкарыстаў аўтар таксама і інтэрв’ю з жанчынай, якая вучылася з жонкай Караткевіча ў адным класе. Яна ўзгадала некаторыя дэталі.
Увогуле кнізе, якая сёлета перамагла на Нацыянальнай літаратурнай прэміі, папярэднічала іншая, якая выйшла ў 2012 годзе і называлася «Дон-жуанскі спіс Караткевіча». Дзяніс Марціновіч адзначае:
— Караткевіч у асабістым жыцці быў не такім шчаслівым чалавекам, як нам падаецца. Цікава чытаць яго раманы, дзе апісваецца каханне… Аднак ён узяў шлюб толькі ў 40 гадоў. У яго асабістым жыцці былі велізарныя трагедыі. Ён збіраўся ажаніцца, але нявеста загінула ў аўтакатастрофе літаральна перад вяселлем. Была другая гісторыя, калі ён меў універсітэцкае каханне, у Кіеве, але яны развіталіся. Праз пэўны час гэта жанчына сама напісала яму, прапанавала аднавіць стасункі. Караткевіч адчуў эйфарыю, шчасце, бо ўсе гады памятаў былую сяброўку. Але неўзабаве атрымаў ліст ад яе знаёмай, у якім паведамлялася, што яго каханая выйшла замуж за іншага.
У рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» апісваецца каханне да Ніны Молевай — рэальнай жанчыны, якая жыве дагэтуль у Маскве. Яна была сапраўды ракавой прыгажуняй, таму Караткевіч перажываў супярэчлівыя пачуцці. «Яго вельмі натхнялі жанчыны, — адзначае Марціновіч. — Але ён не быў шчаслівым. Толькі калі пісьменнік нарэшце знайшоў жонку, усё змянілася. Аднак парадокс заключаецца ў тым, што яго найлепшыя тэксты прыпадаюць акурат на той час, калі ён быў нешчаслівы. Яго натхнялі душэўныя пакуты».
Калі знойдуцца новыя цікавыя факты, Дзяніс Марціновіч працягне распрацоўваць тэму асабістага жыцця Уладзіміра Караткевіча.