Dzieciuki прэзентавалі шматпакутны кліп «Хлопцы-балахоўцы»

Гродненскі гурт Dzieciuki прэзентаваў шматпакутны кліп «Хлопцы-балахоўцы». Прэм’еру кліпа «Хлопцы-балахоўцы» музыкі прымеркавалі да Дня герояў, 27 лістапада — дня, калі афіцыйна пачалося Слуцкае паўстанне 1920 года.



dzieciuki4.jpg

Менавіта падчас здымак відэа да «Хлопцаў-балахоўцаў» гурт быў затрыманы ў поўным складзе. Але здаровы сэнс узяў уверх — музыкаў адпусцілі, а канфіскаваныя відэаматэрыялы і частку рэквізіту пасля праверкі аддалі рэжысёру роліка Антону Цялежнікаву, таму выхад роліка адбываецца як і запланавана — 27 лістапада на тэлеканале «Белсат».

«Гэты твор напісаны ў гонар тых ваяроў, якія ў 1920-я імкнуліся бараніць незалежнасць маладой дзяржавы БНР. Песня напісана ў памяць пра чалавека, пад кіраўніцтвам якога жаўнеры ў разы уступаючы колькасна, далі бой Чырвонай арміі, якая несла «светлае будучае». Таму мы прэзентуем кліп на Дзень Герояў», — кажа тэкставік гурту Дзяніс Жыгавец.

Гэта ўжо чацьвёрты кліп гарадзенцаў, зроблены сёлета. Да гэтага музыкі прадставілі відэаўвасабленне да песень «Сумнае рэгі», «Лясныя браты» і «Ладдзя роспачы». «Мы не імкнемся за колькасцю і не ставім мэту здымаць кліпы. Так выходзіць, што ініцыятыву выяўляюць іншыя людзі — Антось Цялежнікаў, Вера Стома, Алесь Залеўскі і Яўген Шапчыц. Таму ўся павага і лаўры – іхнія», — кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў.

Dzieciuki сёлета ў ліку галоўных прэтэндэнтаў на атрыманне звання «Героі году» ад парталу Tuzin.fm. 12 снежня ў мінскім клубе «Піраты» выступяць з сэтам сваіх найлепшых песень.

«Наша Ніва»