Лялечны тэатр у Гомелі плануе даваць больш беларускамоўных спектакляў
58,9% апытаных выказаліся за тое, каб у Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек было больш спектакляў на беларускай мове.
Тэатр зладзіў апытанне ў сацсетках пра тое, ці варта павялічваць колькасьць спектакляў на беларускай мове.
У галасаванні ўзялі ўдзел звыш паўтысячы чалавек. З іх 305 (58,9%) адказалі: так, варта. Палічылі гэта непатрэбным 123 рэспандэнты (23,7%). Абыякавымі засталіся толькі 14 чалавек (2,7%) з паўтысячы — ім «усё адно». Яшчэ 76 чалавек (14,7%) мяркуюць, што некалькі спектакляў на беларускай мове не зашкодзяць.
«У нашым творчым калектыве, — кажа мастацкі кіраўнік тэатра Юры Вута, — няма праблемы, на якой мове ставіць спектакль. Беларускай мовай валодаюць нават тыя артысты, якія не нарадзіліся ў Беларусі. Галоўнае, каб былі добрыя п’есы. У рэпертуары мы маем цяпер спектаклі для дзяцей паводле п’ес-казак беларускіх аўтараў: Артура Вольскага — „Каб не змаўкаў жаваранак“, Васіля Ткачова — „Ня ўсе зайцы — трусы“ ды іншыя. Заўважу, у Англіі, напрыклад, не ідзе гаворка, на якой мове ставіць спектаклі. У народа ёсць адна родная мова — яе і трэба шанаваць».
У творчым рэпертуары тэатра — 27 самых розных спектакляў. Апроч дзіцячых, калектыў тэатру прапануе спектаклі й дарослым — «Над безданню ў жыце», «Сабачае сэрца», «Геда Габлер».
Лялечны тэатар штогод дае каля 400 пастановак розных спектакляў, якія наведваюць звыш 65 тысяч гледачоў.
Паводле Радыё Свабода