Амаль як у 1990-я. У Ветцы судзяць сілавікоў, якія вымагалі грошы ў мясцовага ІП

У дачыненні да двух ужо былых супрацоўнікаў сілавых структур Гомеля распачаты крымінальныя справы за вымагальніцтва і бяздзейнасць службовай асобы.

107_vetka.jpg


Вядома, што інцыдэнт адбыўся летам 2016 года. Паводле інфармацыі, якая маецца ў TUT.BY, следчы са сваім знаёмым супрацоўнікам міліцыі паехаў да аднаго з прадпрымальнікаў раённага цэнтра патрабаваць грошы (гаворка ідзе пра 600 даляраў).
Мужчыны не хавалі той факт, што з'яўляюцца прадстаўнікамі сілавых ведамстваў. Былы супрацоўнік гарадскога СК, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, паказаў сваё пасведчанне і прыгразіў сур'ёзнымі праблемамі ў выпадку адмовы. Атрымаўшы адмоўны адказ, следчы збіў Веткаўскага прадпрымальніка. З цяжкімі траўмамі, у прыватнасці пераломам сківіцы, мужчыну шпіталізавалі.
Праз некаторы час абвінавачаныя былі затрыманыя. Хто менавіта праводзіў затрыманне, дакладна невядома. У дачыненні да былога супрацоўніка гарадскога СК распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 208 (Вымагальніцтва, здзейсненае арганізаванай групай, альбо з ужываннем гвалту, небяспечнага для жыцця або здароўя пацярпелага, або пацягнула іншыя цяжкія наступствы, альбо з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў асабліва буйным памеры) КК. У дачыненні да былога міліцыянта — ч.2 арт. 425 (Бяздзейнасць службовай асобы).
У УСК па Гомельскай вобласці ад каментароў адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ўсе матэрыялы справы ўжо ў судзе.
Тое, што суд Веткаўскага раёна сапраўды разглядае крымінальную справу ў дачыненні да двух супрацоўнікаў сілавых структур, пацвердзілі ў прэс-службе Гомельскага абласнога суда. Судовае пасяджэнне пачалося ў лістападзе 2016 года. Зараз ідзе допыт сведак.
Максымальнае пакараньне, якое пагражае аднаму з абвінавачаных, — да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй, другому — пазбаўленне волі да пяці гадоў са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Паводле gomel.today