«Мудрамер» у прамым эфіры
На VOKA пакажуць спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пра вынаходніка-самавука

8 ліпеня відэасэрвіс VOKA пакажа трансляцыю спектакля «Мудрамер» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Прамы эфір пачнецца а 19-й гадзіне па мінскім часе і будзе бясплатна даступны з любой кропкі свету.За аснову спектакля рэжысёр Аляксандр Гарцуеў узяў аднайменную п'есу Мікалая Матукоўскага, якая была вельмі папулярнай у 1980-я. У рэпертуары РТБД «Мудрамер» з'явіўся ў 2019 годзе, і да гэтага часу яго паказы праходзяць з аншлагам. Галоўны герой сатырычнай камедыі – таленавіты вынаходнік-самавук Мікалай Мурашка (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў), які прыдумаў апарат, што за некалькі секунд можа вымераць узровень інтэлекту ў любога чалавека. У час падрыхтоўкі да запуску прыбора ў серыйную вытворчасць вынаходнік сутыкаецца з цяжкасцямі: яму трэба прайсці праз мноства ўзгадненняў.Далучыцца да прагляду 8 ліпеня можна ў прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv пасля аўтарызацыі па нумары мабільнага тэлефона. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў.

Паказ спектакля «Мудрамер» працягвае серыю трансляцый, якія ўжо больш за год відэасэрвіс VOKA праводзіць з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Дзякуючы гэтаму гледачы змаглі ўбачыць анлайн-прэм’еру трагікамедыі «Профіт», святочны вечар «Наш Караткевіч», прымеркаваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча, а таксама найпапулярнейшыя спектаклі РТБД – «Кар’ера доктара Рауса», «Сірожа», «Шлюб з ветрам», «Тры Жызэлі», «Сіндром Медэі» і «Ціхі шэпат сыходзячых крокаў».
Паводле прэс-рэлізу