На фестывалі «Тбілісоба» ўпершыню запрацуе беларуская пляцоўка. Глядзіце, што там будзе

«Тбiлiсоба» пройдзе ў Мінску ў суботу, 24 жніўня. Фестываль правядуць у Верхнім горадзе, завершыць яго адкрыты канцэрт гурта Mgzavrebi. Па традыцыі, грузінскія песні будуць гучаць са сцэны ў гістарычным цэнтры Мінска з паўдня і да паўночы. Каб прывезці ўсіх музыкаў, якія выступяць на сцэне ў гэты дзень, замест звычайнага рэйсавага «Эмбраэра» ў Беларусь з Грузіі ў гэты дзень прыляціць больш ёмісты «Боінг».

cam_0728.jpg

Першы фэст «Тбiлiсоба» Barjomi правялi пяць гадоў таму. Свята так спадабалася менчукам, што з яго пачалася чарада дзён нацыянальных культур у Верхнім горадзе. Грузінскі фестываль застаецца самым папулярным сярод жыхароў горада і турыстаў: у мінулым годзе на свята прыйшло каля 80 тысяч чалавек. Юбілейная пятая «Тбiлiсоба» пройдзе пад слоганам «Свята з грузінска-беларускім характарам» і будзе прысвечана сяброўству двух народаў.
«Характар» — тое ўнікальнае, што ўласціва кожнаму з нас і дазваляе адчуць сябе асаблівым. У беларусаў і грузін шмат падобных рыс характару, але галоўнае, што нас аб'ядноўвае — гэта гасціннасць, — кажа Дзяніс Крупец, дырэктар IDS Borjomi Belarus і арганізатар фэсту. — Мы ўсіх запрашаем у гістарычны цэнтр Мінска ў перадапошнюю суботу жніўня. Тут будзе шмат грузінскай музыкі, танцаў, ежы і напояў, усяго таго, што адрознівае гэтую краіну ад усіх іншых. Паколькі на «Тбiлiсобу» звычайна прыязджае нямала гасцей з Грузіі, упершыню ў гэтым годзе мы пакажам таксама асаблівасці беларускай культуры. Напрыклад, музычная праграма будзе ўключаць выступы самых характэрных артыстаў з абедзвюх краін».
Mgzavrebi — адзін з самых запатрабаваных грузінскіх калектываў проста цяпер. Яны ўжо збіралі ў Мінску аншлагі на закрытых пляцоўках, а нядаўна пабывалі ў гасцях у «Вечаровага Урганта». Разам з Mgzavrebi ў Беларусь ляціць мужчынскае шматгалоссе «Швідкаца», якое так захапіла Ангелу Меркель падчас яе нядаўняга візіту ў Тбілісі, а таксама ўладальнік першай прэміі сёлетняга «Славянскага базару» Георгій Путкарадзэ — у мінулым месяцы батумец літаральна парваў залу віцебскага амфітэатра трэкам «Небяспечна» беларускіх рокераў Nizkiz. Артысты прыляцяць прамым рэйсам «Белавія».
Фудкорт грузінска-беларускага фестывалю зойме ўсю тэрыторыю Верхняга горада, ад Ратушы да набярэжнай Свіслачы. Да мясцовых кафэ і рэстаранаў арганізатары плануюць дадаць каля 30 пунктаў грамадскага харчавання. За час, пакуль у Мінску праводзіцца «Тбiлiсоба», грузінская кухня стала вельмі папулярнай у горадзе — колькасць нацыянальных рэстаранаў вырасла ў некалькі разоў. Яны прыгатуюць на свяце хінкалі, хачапуры і харчо.
З'явіцца на фестывалі і танцпляцоўка, дзе разгорнецца батл паміж танцам «Мціулуры», лявоніхай, вогам, хіп-хопам і кантэмпарары. Для тых, каму захочацца актыўнага адпачынку, «Баржомі» арганізуе актыў-парк. Для маленькіх гасцей будзе працаваць дзіцячы гарадок.
На фестывалі ўпершыню будзе беларуская пляцоўка, дзе гасцей з сонечнай Грузіі навучаць беларускай мове. Праводзіць урокі будзе «Арт-Сядзіба»: каманда арганізацыі падрыхтуе спецыяльныя пазлы са словамі на рускай, беларускай і грузінскай мовах. Грузінаў навучаць казаць «прывітанне», «калі ласка», «валошка», раскажуць, як замовіць сабе абед у беларускім рэстаране і як выведаць дарогу да Нацыянальнай бібліятэкі. Гэтая актыўнасць будзе даступная і для саміх беларусаў, якім нагадаюць, як прагаварыць важныя фразы на роднай мове, а таксама раскажуць, як яны гучаць па-грузінску.
Арганізатары фестывалю — ТМ «Баржомі», Мінгарвыканкам, мэрыя Тбілісі, Пасольства Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь і грузінскае культурна-асветніцкае таварыства «Мамулі».
Паводле прэс-рэліза