Новы сінгл «Серабранка» ад гурта «Гарадскі Вал»

Сабака Элвіс асвятляе шлях бадзёрым бітам-брэхам, беспантовыя панэльнікі становяцца парталам у касмічны абсяг, сябрукі-балбесы адпраўляюць галоўнага героя ў Амерыку на арэлях, а саксафаніст перадае прывітанне маме на 48-й секундзе! І што яшчэ будзе! 

sierabranka_vokladka.jpg

А будзе — несанкцыянаваны рок'н'рол на галоўным праспекце пад новую версію ўжо вядомай песні «Элвіс», на гэты раз — з заліхвацкім акардэонам.
У запісе песень на вершы Антона Рудака прынялі ўдзел музыкі, якія ўжо шмат гадоў плённа працуюць на стыку кіналогіі і аўтарскай песні: Дзяніс Жураўлёў aka Груша (біт-бокс, запісаны за 20 хв.), напалову існы Fryd (саксафон, запісваўся тры месяцы), Саша Карабань (бас-гітара, кантрабас), Ігар Адасік (перкусія з гукамі Гародні), Уладзь Пыльчанка (акардэон), Раман Абрамчук (вакал, гітара).
Малюнак для вокладкі рабіла мастак-іканапісец Ксюша Ангелава. У нейкі момант скончыўся залаты фламастар, і прыйшлося карыстацца сапраўднай залатой фарбай для абразоў, класці залатую аснову і маляваць паверх яе. Начной падборкай шрыфтоў у такт новым трэкам займалася Юля Янюк-Казлоўская. Маліцца на вокладку не заклікаем, але нам верыцца, што і ў гэтай працы прысутнічае зорны пыл.
Канцэртная прэзентацыя новага сінгла і альбома адбудзецца 3 сакавіка ў кавярні “Грай” (уваход вольны).