Опернае мастацтва і дуэт з «Братамі Грым», ці малавядомае пра «Ў нескладовае»

Першы пасля працяглага перапынку канцэрт некалі нашумелага праекта "Ў нескладовае" адбудзецца на сцэне Моладзевага тэатра эстрады першага лютага. Пра тое, чаму ў гурта быў такі працяглы перапынак у творчай дзейнасці і пры чым тут Усяслаў Чарадзей — у нашым артыкуле.

cagydlswjhy.jpg

Некалі нашумелы праект "Ў нескладовае" - гэта не толькі ўсенародны хіт "Будзьма беларусамі", апяванне прыгажосці беларускай мовы і выкананне песень з рэпертуару J: Морс таленавітымі музыкамі. Гэта цэлы свет - са сваім стрыжнем і ідэяй, тэатральнымі пастаноўкамі на найбуйнейшых беларускіх пляцоўках і грандыёзнымі творчымі планамі.
Лідэр, заснавальнік і ідэйны натхняльнік праекта Раман Арлоў нарадзіўся ў сям'і знакамітага гісторыка Уладзіміра Арлова і паэткі Валянціны Аксак у Полацку. Як вядома, гены - рэч сур'ёзная, вось і ў гэтым выпадку род дзейнасці бацькоў прывіў Арлову з дзяцінства любоў да гісторыі і бездакорнае пачуццё густу, што шмат у чым паўплывала ў далейшым на творчы шлях і лёс музыкі і сцэнарыста.
Свой творчы шлях Арлоў пачаў як музыка і ўжо ў досыць юным узросце дасягнуў у гэтай справе значных поспехаў. У тыя ж гады ў характары музыкі ўжо зараджалася прадусарская жылка - са сваім кавер-бэндам Bob Marlboro& The Winstons ён прыстойна зарабляў на першых мінскіх карпаратывах.
Час мінаў, але прадусарскі талент Арлова толькі мацнеў. Пачалася эра супрацоўніцтва з J: Морс, які літаральна ўварваўся на ўсе эфірныя беларускія хвалі на пачатку 2000-х. Гурт - лідэр, гурт -хітмэйкер. Арлоў з'яўляецца аўтарам і суаўтарам цэлага шэрагу хітоў калектыву, як правіла, беларускамоўных - "Так-Цік-Так", "Маё Сонца", "Горад", "Паветра", "Адлегласць", "Няпраўда", "Зорка Венера", "Яна". Адзіны беларускамоўны альбом J: Морс "Адлегласць" выйшаў пад чулым кіраўніцтвам Арлова.
Адначасова з J: Морс Арлоў працаваў з гуртом "Чэхаў", таксама выпусціўшым у свет цэлы шэраг хітовых радыё-сінглаў, якім і зараз хочацца падпеваць, раптам пачуўшы па радыё, з цёплай усмешкай на твары аб старых добрых часах. Адна "Ламбретта и Мини" чаго варта.
У пэўны момант Арлову становіцца цесна ў межах J: Морс, ён пакідае гурт і стварае ўласны праект - "Ў нескладовае". Гурт выдае альбом з аднайменнай назвай і становіцца лаўрэатам Беларускай нацыянальнай музычнай прэміі.
Разам з тым Арлоў працягвае спрабаваць сябе ў новых жанрах, пакуль не прыходзіць да чагосьці сапраўды велічнага - да оперы. Ён часова прыпыняе дзейнасць "Ў нескладовага" і цалкам аддае сябе працы ў якасці сцэнарыста. Вось тут і спрацавалі гены яго бацькі - Арлоў ставіць оперу пра прыгоды самага загадкавага беларускага кіраўніка, князя Усяслава Чарадзея. Гэта пачынанне ўскалыхнула беларускую грамадскасць - па-першае, прэм'ера прайшла на сцэне Філармоніі, а па-другое, пасля рушылі ўслед грандыёзныя гастролі ў Польшчы і Расіі.
Пасля паспяховай прэм'еры оперы Арлоў працягвае працаваць як сцэнарыст і ставіць цэлы шэраг дзіцячых казак пра прыгоды літары Ў на сцэне Моладзевага тэатра эстрады ў 2017 годзе.
У 2019-м Арлоў вырашае вярнуцца да музычнай дзейнасці і ўпершыню за пяць гадоў адыграць вялікі канцэрт з "Ў нескладовым" на сцэне таго ж Моладзевага тэатра. Гурт выступіць з абноўленым складам, у праграме "На тонкай мяжы" прагучаць, як зусім новыя песні "Ў нескладовага", так і песні з рэпертуару J: Морс, суаўтарам якіх з'яўляецца Арлоў.
З нагоды такой падзеі гурт падрыхтаваў сваім прыхільнікам шэраг сюрпрызаў. Так, у канцэрце возьмуць удзел Алег Хаменка, гурт "Гуда" і навучэнцы Школы традыцыйнага мастацтва. Таксама Арлоў плануе прадставіць на суд гледачоў пару нумароў з оперы пра Усяслава Чарадзея.

А пакуль прапануем бліжэй пазнаёміцца з Раманам Арловым і праектам "Ў нескладовае" і даведацца пра малавядомыя факты з творчага жыцця прадусара і яго калектыву.
-ужо ў 20 гадоў Арлоў выступіў перад 40-тысячнай аўдыторыяй; - у маладосці быў заўзятым металістам, яго першы гурт называўся Besides і выконваў прагрэсіў-метал на англійскай мове; -Арлоў запісаў з расійскім гуртом "Братья Грим" сумесную песню "Станцыя", кліп на якую быў прызнаны лепшым па выніках 2013 года; -"Ў нескладовае" выступалі на разагрэве ў Deep Purple у Мінск-Арэне ў 2013 годзе; -адзіны беларускамоўны альбом гурта J: Морс носіць назву песні, цалкам напісанай Арловым - "Адлегласць"; -першапачатковая назва гурта J: Морс - No Logo;  -спачатку да оперы "Усяслаў Чарадзей" было напісана 300 старонак тэксту, а герояў у оперы было амаль у 10 разоў больш, чым у канчатковым варыянце; -Арлоў плануе паставіць "Чарадзея" і на англійскай мове; -для дзіцячага праекта пра прыгоды літары Ў Арловым ўжо напісана больш за 15 песень; -дом Арлова літаральна завалены раставымі козамі і бусламі ў касках - касцюмамі і лялькамі для дзіцячых пастановак; -"Ў нескладовае" часцяком выступае як кавер-бэнд.


Паводле прэс-рэліза