Паэма Тодара Кляшторнага загучала пад імправізацыю

Трыа Buben Naruszewicz Baisan выпусціла альбом «З нажом на сонца». Назва – цытата з паэмы Тодара Кляшторнага «Калі асядае муць», выбраныя часткі з якой і былі запісаныя. Дэкламацыя Алеся Плоткі, гітара Леаніда Нарушэвіча і электроніка Ўлада Бубена прадстаўляюць вядомы твор ў незвычайным рэчышчы.

bnb_todar.jpg

Альбом з’яўляецца працягам праграмы на вершы трыццатых “1937”, якая была прэзентаваная ў мінулым годзе. У калянавагодні перыяд паэма частка за часткаю выкладалася ў інтэрнэт і цяпер дасяжная для праслухоўвання цалкам.
Каментуюць стваральнікі, – “Нашая задума даволі простая – зафіксаваць настраёвыя часткі паэмы, скласці з іх пазл горада і эпохі. З чытаннем твора цалкам лепей справяцца прафесійныя акцёры, мы ж дазволілі сабе паімправізаваць пад характэрныя пейзажы тагачаснага жыцця: вось настрой бурлівай вуліцы, вось цёмная карчма. Паэма пісалася ў адзін заход разам з вершамі трыццатых і мы не былі пэўныя, што дадзім рады адыграць дзве праграмы запар. Але ў пэўны момант адкрылася другое дыханне і ў сэрцы горада мы зафіксавалі яго пульс васьмідзесяцігадовай даўніны“.
Эсперыментальнае трыа утварылася на глебе супрацы паэта Алеся Плоткі (Baisan) з электронным музыкам Уладам Бубенам. Разам з далучыўшымся да іх гітарыстам Леанідам Нарушэвічам (гурт “Князь Мышкін”) яны выдалі вось ужо пяты нумарны лонгплэй. Сярод прац калектыва вылучаюцца Bulbahuana, які ўвайшоў у топ-3 лепшых электронных альбомаў Беларусі 2017 і “Папяросы” – пераклад кнігі Юрко Іздрыка.


Альбом задуманы як студыйны, яго жывое выкананне не плануецца. Магчыма, цягам года выйдзе ў свет трэцяя, не анансаваная раней частка эксперыментаў з вершамі трыццатых. Творцы намякаюць на вяртанне да каранёў, калі трыа было дуэтам, а музычны складнік болей экстрэмальным.
Паводле прэс-рэліза