Новы сезон прэміі Гедройца адкрыты
Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскі Інстытут у Мінску абвяшчаюць пяты сезон Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.
Сёлета журы прэміі будзе працаваць паводле новага прынцыпу: асноўныя рашэнні будуць прымацца згодна з кансэнсусам. Галасаваннем будуць вырашацца толькі спрэчныя пытанні па доўгім і кароткім
спісах, пераможцы ж будуць вызначацца толькі кансэнсусам сябраў журы. Сябры журы складуць фармулёўку, за што кнізе прысуджаецца I месца. Журы прэміі будзе названае ў снежні.
Узнагароды, якія чакаюць трох найлепшых, паводле меркавання журы, празаікаў:
— чэк на суму, эквівалентную 10 000 еўра, ад "Ідэя Банк" — для першага месца;
— творчая стыпендыя ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя) — для другога месца;
— творчая стыпендыя ў Вентспілсе (Латвія) — для трэцяга месца.
Кнігі для ўдзелу ў конкурсе можна даслаць да 31 студзеня 2016 года праз афіцыйны сайт Прэміі: gedroyc.by, на паштовы адрас: 220050, Мінск, п/с 218, а таксама на электронны адрас: info@pen-centre.by.
Заяўка мусіць утрымліваць наступныя звесткі:
а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы;
б) кароткая творчая біяграфія аўтара альбо ўсіх суаўтараў, калі твор напісаны ў суаўтарстве;
в) анатацыя кнігі;
г) урывак да 10 тысячаў знакаў, які будзе размешчаны на сайце Прэміі;
д) пажадана — адрасы крамаў, дзе можна набыць кнігу, ці спасылкі, па якіх яе можна спампаваць у электронным варыянце.
Да заяўкі неабходна далучыць 7 асобнікаў у папяровым і 1 асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 7 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько з кнігай “Час збіраць косці” (2015).