Пераможцы конкурсу праектных ідэй «Разам да справы!» вызначаныя
Перамаглі не толкі цікавыя ідэі, але і практычная карысць для краіны.
У траўні грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA ў межах праграмы “Разам да справы!” абвясцілі конкурс праектных ідэй па ўсёй Беларусі.
Да ўдзелу ў конкурсе былі запрошаныя ўсе, хто займаецца паляпшэннем грамадска-культурніцкай і сацыяльнай прасторы ў сваім населеным пункце або рэгіёне і спрыяе паглыбленню супрацоўніцтва паміж рознымі супольнасцямі.
На конкурс былі дасланыя 46 праектаў з усіх куткоў Беларусі, прычым не толькі з гарадоў, але і з невялікіх вёсак і мястэчак. Арганізатары выказваюць шчырую падзяку за такую актыўнасць і гатоўнасць прыкласці высілкі дзеля супольнай карысці!
Экспертная рада ўважліва пазнаёмілася з кожнай дасланай заяўкай, менавіта таму праца па вызначэнні пераможцаў трошкі зацягнулася. Вызначыць пераможцаў аказалася зусім не проста нават для спрактыкаваных у гэтым адмыслоўцаў, бо кожная ідэя – не толькі цікавая і арыгінальная, а яшчэ і практычна карысная. Таму абараць пераможцаў было складана.
Перамаглі праекты, якія найбольш адпавядалі ўмовам конкурсу. Вось спіс васьмі пераможцаў конкурсу:
1. “Медыя Інкубатар” ад Аляксандра Лазарава з Інфармацыйнага праекта “Магілёў Live”.
2. “Дзе жыве берасцейскі мадэрнізм” ад Ірыны Мароз, Алены Каховіч, Валянціны Туры, Алега Малейкі, Яўгена Шчарбача.
3. “Свята ў кожнае сэрца” ад Таццяны і Дзмітрыя Ламейкаў.
4. “Адраджэнне малой радзімы сіламі супольнасці мясцовых жыхароў у Шчорсах” ад Ганны Булды з Мясцовага культурна-асветніцкага фонду "Шчорсы і Храптовічы".
5. “Дасведчаны Мінск!” ад Марыі Лукашук з Сацыяльна-творчай установы “Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая Бібліятэка”.
6. “Стоп-кадр” ад Марыі Бразінскай з АБА "Гродзенскі дзіцячы хоспіс".
7. “Як гэта любіць” ад Ясі Каралевіч-Картэль, рэдактаркі сайта CityDog.by.
8. Свята вёскі “Гарбузы ў Новым Полi” ад ініцыятывы вёскі Новае Поле.
Віншуем пераможцаў! Арганізатары конкурсу звяжуцца з вамі цягам гэтага тыдня.
Таксама экспертная рада адзначыла як вартыя ўвагі і рэалізацыі наступныя добра распрацаваныя праекты:
- Школа лідараў “Спеўнага сходу” ад Сержука Доўгушава.
- Беларуска-польскі фестываль “Роварам паўсюль” ад Марыны Чыж з Інфармацыйна-асветніцкай установы “За велаБрэст”.
- Распрацоўка, уладкаванне і папулярызацыя новага турысцка-экскурсійнага маршрута “Прыродна-гістарычны комплекс “Крыжоўкі” ад Ігара Пракаповіча з краязнаўчага гуртка Пастаўскай гімназіі “Terra incognita”.
- Славутасці і таямніцы Стаўбцоўшчыны: захаванне спадчыны і развіццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна ад Міхаіла Мацкевіча, Паўла Савіцкага, Канстанціна Нашчынца, Ігара Іванова, Змітра Савельева.
- Вулічны фестываль “#Берасце_999” ад Дзмітрыя Шыманскага з Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”.
- “Networking: Change Makers” / “Сустрэчы неабыякавых” ад Марыны Штрахавай, Андрэя Аляксандрава , Таццяны Вадалажскай, Івана Краўцова, Сяргея Казлоўскага.
З аўтарамі кожнага праекта абавязкова звяжуцца неўзабаве прадстаўнікі арганізатараў, каб абумовіць магчымыя спосабы рэалізацыі гэтых задумаў.
І нагадваем, што, не чакаючы абвяшчэння наступнага конкурсу, свае ідэі можна прадставіць на Кірмашах праектаў, якія кампанія “Будзьма беларусамі” рэгулярна ладзіць у розных мясцінах Беларусі. Сачыце за абвесткамі на сайце, удзельнічайце самі, распавядайце сябрам! Мяняйце да лепшага месца, дзе вы жывяце, ужо цяпер! Не заставайцеся ўбаку і далучайцеся да агульнай справы. Давайце разам зробім нашу краіну лепшай!
Паводле прэс-рэлізу