Раман беларускай пісьменніцы ўвайшоў у лонг-ліст прэстыжнай польскай прэміі

Раман Наталкі Бабінай напісаны на ўкраінскай мове. У 2019-м ён выйшаў адначасова ў Беларусі і Украіне, а ў 2020-м быў пераведзены на польскую і апублікаваны ў польскім выдавецтве «Rebis».

dea1623e_8dbf_4b89_98d9_b093eb4f60e0_w1023_r1_s.jpg

У рамане «Бодай, будка» Бабіна адраджае традыцыі ўкраінскамоўнай літаратуры ў Беларусі, перапыненыя пасля Другой сусветнай вайны.

«Бодай, будка» называюць фантастычным трылерам, антыўтопіяй, раманам-сімвалам. У ім чытачы пазнаёмяцца з героямі, знаёмымі па «Рыбіным горадзе» (папярэдняя кніга Бабінай). І ўсё ж у кнігі зусім іншы стыль і настрой.

Па сюжэце ў адзін дзень над Беларуссю ўтвараецца купал, які немагчыма пераадолець. Жыхары нашай краіны аказваюцца адрэзаныя ад свету. І ўладу над імі атрымліваюць жудасныя антыгомы: яны выглядаюць як людзі, але пазбаўленыя эмоцый і якіх-небудзь праяў чалавечага. Ніхто не ведае, адкуль яны і што ім трэба. Многія апускаюць рукі, але героі рамана пачынаюць змагацца і шукаць шлях да перамогі.

«Ангелус» — адна з самых прэстыжных літаратурных узнагарод для аўтараў з Цэнтральнай Еўропы. Яна прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную ў Польшчы ў папярэднім годзе. У 2010-м лаўрэаткай гэтай прэміі стала Святлана Алексіевіч за кнігу «У вайны не жаночы твар». У тым жа годзе раман Бабінай «Рыбін горад» трапіў у шорт-ліст прэміі.

Паводле TUT.BY