Рыхтуецца альбом-трыб'ют пра герб, сцяг і беларускіх герояў

Канцэртна-выдавецкі лэйбл «Беларуская Музычная Альтэрнатыва» («БМАgroup») рыхтуе дзве тэматычныя складанкі песень — «Песні героям» і «Сімвалы свабоды».



454545.jpg

Першы CD будзе прысвечаны канкрэтным людзям і знакавым постацям нашай гісторыі і культуры. Адметнасць гэтай складанкі ў тым, што тут будуць сабраныя не творы дадзеных асобаў, а песні-прысвячэнні ім. Гэта альбом-трыб'ют пра  тых, каго павінен ведаць і насіць у сэрцы кожны беларус. Выданне прымеркавана да 150-ых угодкаў ад пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага.

Ужо ёсць прысвячэнні славутым постацям Беларусі — Кастусю Каліноўскаму, Францішку Багушэвічу, Янку Купалу, Уладзіміру Караткевічу, Максіму Багдановічу, Еўфрасінні Полацкай ды іншым. Няма песні пра твайго ўлюбёнага героя ці асобу, якой захапляешся? Дык напішы пра Ларысу Геніюш, Янку Філістовіча, Францішка Аляхновіча, Соф'ю Гальшанскую… Прапаноўвай і сваіх куміраў. Шмат годных людзей прысвяцілі жыццё Беларусі, і нашая агульная задача — іх годна ўшанаваць.

Другая складанка — пра нацыянальныя сімвалы Беларусі: бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. На адным CD будуць сабраныя творы розных выканаўцаў, якія ў розныя гады звярталіся да гэтай тэмы.

Атрымай СD у падарунак!

Далучыцца да стварэння гэтых дыскаў можа кожны ахвотны. Прапаноўвайце песні, дасылайце вашы ідэі ды заўвагі, музыку і тэксты. Выканаўцы могуць запрапанаваць свае ранейшыя або яшчэ неапублікаваныя творы. Вялікая справа робіцца маленькімі крокамі. Кожны, хто дашле цікавыя прапановы, атрымае кампакт-дыск у падарунак.

Дасылайце свае меркаванні на e-mail: skladanki@tut.by