Сяргей Новік-Пяюн любіў Беларусь
Бог дараваў яму шмат талентаў. Ён быў паэтам, мастаком, кампазітарам, грамадскім дзеячам і выдаўцоў. Але лёс гэтага чалавека выдаўся складаным і выпрабавальным. Сяргея Новіка-Пеюна пераследавалі і польскія, і нямецкія, і савецкія ўлады.
www.21.by
Сланімчанка Аляксандра Кліменцьеўна Пышко была замужам за родным пляменнікам Сяргея Новіка-Пеюна — Міхасём Пышком. Міхась Пышко — сын Кацярыны Міхайлаўны Новік — роднай сястры Сяргея Новіка-Пеюна. У паэта было тры сястры — Марыя, Аляксандра (Шура) і Кацярына. Шура жыла на Нясвіжчыне, а Марыя і Кацярына — у Слоніме.
Аляксандра Кліменцьеўна Пышко. Сучасны здымак
Сяргей Новік-Пяюн любіў бываць у горадзе над Шчарай. Спыняўся ён у Кацярыны, але там не прападаў, бо ў Слоніме ў яго было шмат сяброў. Па словах Аляксандры Пышко, са сваім мужам Міхасём Пышком яна пазнаёмілася ў 1958 годзе ў бальніцы, куды абодва трапілі па хваробе. «Міхасю тады было 18 гадоў. Ён вельмі закахаўся ў мяне, дый мне гэты хлопец спадабаўся. Я тады і не ведала, што яго родны дзядзька Сяргей Міхайлавіч быў паэтам, адбываў тэрмін у сталінскіх лагерах у Якуціі. Гэта потым я ўсё даведалася і ад мужа, і ад сваёй свекрыві Кацярыны Міхайлаўны (сястры Сяргея Новіка-Пеюна) і ад яго самога. Бо ён вельмі любіў майго Міхася. Яны шмат гутарылі пра жыццё, пра Беларусь, пра наш лёс», — падчас сустрэчы пачала распавядаць Аляксандра Кліменцьеўна.
«А ці праўда, Аляксандра Кліменцьеўна, што ваша свякроў некалі вышыла Пагоню. І трымала ў сябе яе да таго часу, пакуль не забраў Пагоню Сяргей Новік-Пяюн?» — пытаюся ў спадарыні Пышко. «Магчыма. Але я Пагоні не бачыла. Толькі ведаю, што мая свякроў, сапраўды, вельмі добра вышывала. Аляксандра Кліменцьеўна пайшла ў другі пакой сваёй кватэры і прынесла вышыты партрэт, на якім дзеці збіраюць у лесе грыбкі, а таксама прыгожа вышываны ручнік. «Вось гэта таксама мая свякроў вышывала», — прызналася жанчына. А потым яна памаўчала і ціха спытала: а дзе цяпер наша Пагоня? «Па маёй інфармацыі, вышытая Кацярынай Новік Пагоня цяпер знаходзіцца ў сховішчы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва», — адказваю жанчыне.
Яна памаўчала, а потым пачала распавядаць, што лёс у Сяргея Новіка-Пеюна аказаўся нялёгкім. Ён быў жанаты, жонку звалі Людміла. У іх было дзве дачкі. «Але жонка з адною дачкою выехала ў Польшчу і больш сувязей з Сяргеем Міхайлавічам яны не мелі. Другая дачка нібыта засталася ў Беларусі, але таксама не кантактавала з ім. Іншыя распавядаюць, што жонка Людміла Новік з дзвюма дочкамі выехала ў Польшчу і там жыла. Адно я ведаю, што жонка і дочкі ніколі пасля лагераў з Сяргеем Міхайлавічам не сустракаліся. Ён толькі ў добрых адносінах быў са сваімі сёстрамі, якіх любіў і якія яго моцна любілі і шанавалі. А яшчэ Сяргей Міхайлавіч вельмі любіў Беларусь», — расказала Аляксандра Пышко.
Сапраўды, у Сяргея Новіка-Пеюна (1906–1994) лёс быў складаны. Яшчэ ў 1930-я гады за актыўную беларускую дзейнасць польскія ўлады «ўпяклі» маладога энтузіяста ў пяцігадовую ссылку на Памор’е (1926–1931), а ў 1931 годзе — пад паліцэйскі нагляд у горад Слонім. Але ж у асяроддзі свядомых беларусаў у Заходняй Беларусі добра ведалі пра Сяргея Новіка-Пеюна. Яшчэ ў 1926 годзе ён надрукаваў свой першы верш «Туга па Бацькаўшчыне» ў «Сялянскай ніве» пад псеўданімам Пяюн. Пазней у часопісе «Заранка» з’яўляюцца вершы для дзетак, падпісаныя псеўданімам Малады Дзядок. Па парадзе Янкі Купалы ў 1939 годзе паэт стаў падпісваць свае творы Сяргей Новік-Пяюн.
Бацькі Еўдакія Пятроўна і Міхаіл Сцяпанавіч Новікі з маленькім Сяргеем. Пачатак ХХ стагоддзя
У 1940 годзе, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, ён працаваў інспектарам райана, а пасля па просьбе сябра Язэпа Стаброўскага, бярэцца за арганізацыю гісторыка-краязнаўчага музея і бібліятэкі ў Слоніме. У 1943 годзе за антыфашысцкую дзейнасць быў асуджаны да пакарання смерцю, трапіў у Калдычаўскі лагер, дзе цудам выратаваўся з-пад расстрэлу.
Пасля вызвалення партызанамі з лагера працаваў дырэктарам Слонімскага музея (1944). Здавалася, што нарэшце ўсё дрэннае мінула. Але неўзабаве яго зноў арыштоўваюць. 20 мая 1945 года, калі ўся краіна святкавала перамогу над фашысцкай Германіяй, Сяргея Новіка-Пеюна разам з іншымі «ворагамі народа» пагрузілі ў поезд і адправілі на 15 гадоў у запалярную Якуцію.
Рэабілітаваны Сяргей Міхайлавіч ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі быў 5 лістапада 1958 года. У 1959 годзе, вярнуўшыся на Беларусь, жыў у Слоніме, Нясвіжы, а з 1960 года — у Мінску.
Поўнасцю рэабілітаваны паэт і былы настаўнік нават атрымаў даведку ў адпаведных савецкіх установах, што яму дазваляецца займацца педагагічнай працай. А на запыт Сяргея Новіка-Пеюна ў КДБ, у чым жа яго віна, прыйшла папера, дзе напісана было літаральна наступнае: «Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, Вы ні ў чым не вінаваты...»
Кацярына і Шура Новікі — родныя сёстры Сяргея Новіка-Пяюна, 1930-я гады
Яшчэ ў 1930-я гады, жывучы ў Слоніме, Сяргей Новік-Пяюн разам са сваёй жонкай Людмілай зарэгістравалі і пачалі выдаваць на польскай мове «Газету Слонімскую» (на беларускай мове польскія ўлады не дазволілі). Газета была зарэгістравана на Людмілу Новік. Першы нумар газеты выйшаў з друку на Каляды, у нядзелю, 25 снежня 1938 года. Яшчэ два нумары з’явіліся 1 і 8 студзеня 1939 года. Потым газета перастала існаваць: ці то ў Новікаў не хапіла грошай, ці то польскія ўлады яе забаранілі. Праўда, газета была апалітычная, пісала найперш пра грамадска-культурнае жыццё Слонімшчыны, пра здарэнні, змяшчала краязнаўчыя артыкулы і шмат рэкламы. Магчыма, гэта быў апошні прыватны праект у Слоніме па выданню незалежнай газеты напярэдадні прыходу бальшавікоў...
Пра гэта мы таксама доўга гутарылі ў кватэры Аляксандры Кліменцьеўны Пышко. Потым яна дастала з шафы шмат фотаздымкаў і пачала распавядаць пра ўсіх Новікаў, пра іншых сваякоў і сяброў. Сярод сотні фотаздымкаў я адшукаў і даволі рэдкія, якія сёння прапаную ўвазе чытачоў.
Жонка Сяргея Новіка-Пеяна Людміла Новік (у цэнтры) у Слоніме, 1936 год