“Вы мне будзеце казаць пра дыялог?!” (абноўлена)

Сённяшні выступ прадстаўніка ААЦ ў Вене выклікаў шэраг вострых пытанняў, а потым і перапалку з некаторымі іншымі беларускімі ўдзельнікамі канферэнцыі.  



114.jpg

Скрыншот з анлайн-трансляцыі на сайце АБСЕ

Прадстаўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Уладзімір Рабаволаў выступаў 11 хвілін. У сваёй прамове ён пераконваў удзельнікаў канферэнцыі АБСЕ, што Беларусь ідзе па шляху рэформ у бок лібералізацыі інтэрнэт-сферы, і што дзяржава шчыльна супрацоўнічае ў гэтай справе з бізнэс-коламі і грамадзянскай супольнасцю.

Падаем асноўныя цытаты з яго прамовы:

“...У Рэспубліцы Беларусь, як і ва ўсіх цывілізаваных краінах, права грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі з’яўляецца канстытуцыйнай нормай.

У канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь расстаўлены акцэнт —  права грамадзян на атрыманне інфармацыі прызнаецца адным з асноўных нацыянальных інтарэсаў.

І гэта не выпадкова. Рэспубліка Беларусь абдзеленая якімі-кольвек сур’ёзнымі карыснымі выкапнямі, але галоўны стратэгічны рэсурс — гэта высокі ўзровень інтэлектуальнага развіцця нашых грамадзян. Таму мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы грамадзяне атрымлівалі максімальны доступ да інфармацыі.

...Наша стратэгічная задача — да 2015 года ўвайсці ў топ-30 краін па ўзроўні развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ). У той жа час я павінен указаць на шэраг гістарычных фактараў, якія ў пэўнай ступені стрымліваюць развіццё ІТ-сферы.

Найперш, гэта фактычная манаполія “Белтэлекама”. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі каля 60-і правайдраў, у асноўным прыватных, 84% Сеціва знаходзіцца ва ўласнасці “Белтэлекама”. Гэта адзіная арганізацыя, якая пастаўляе міжнародны трафік у Беларусь. Была пастаўлена задача, і яна рэалізуецца, па правядзенні рэформ з мэтай паскарэння развіцця ІКТ і лібералізацыі рынку паслуг.

Спынюся на некаторых асноўны накірунках, выбраных для гэтай мэты:

Ліквідацыя манаполіі “Белтэлекама” на падключэнне да сетак электрасувязі замежных дзяржаў. Для гэтага створаны другі нацыянальны аператар — Нацыянальны цэнтр абмену трафікам.

Адным з накірункаў была вызначана пабудова адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы дадзеных. Прадугледжваецца аб’яднанне сетак “Белтэлекама”, усіх сетак іншых дзяржаўных арганізацый і, на дабравольнай аснове, прыватных кампаній.

Фармуецца новы механізм, які прадугледжвае падзел пастаўшчыкоў паслуг і ўладальнікаў сетак. Мы лічым, што дадзеная інавацыя дазволіць забяспечыць роўныя ўмовы на рынку для ўсіх удзельнікаў гэтага рынку.

Гэтай жа мэце прысвечана стварэнне новага магутнага цэнтру апрацоўкі дадзеных. Да 2015 года будзе створана сеткаLTE. Хуткімі тэмпамі мы нарошчваем транзіт трафіку.

У найбліжэйшы час запрацуе высокахуткасная транзітная магістраль Масква-Мінск-Франкфурт з прапускной здольнасцю да 8-і тэрабіт за секунду. Для рэалізацыі ўказаных праектаў прыцягнутыя буйныя замежныя інвестыцыі.

Мы мяркуем, што зробленыя захады дазволяць нам інтэгравацца ў сусветнае інфармацыйнае ўзаемадзеянне.

У межах удасканалення электроннага ўраду летась быў створаны Нацыянальны цэнтр электронных паслуг.

У найбліжэйшы час прадугледжваецца аб’яднаць усе інфармацыйныя рэсурсы дзяржаўных органаў у адзіную сістэму (а гэта дзясяткі інфармацыйных рэсурсаў) і забяспечыць зручную магчымасць насельніцтву атрымліваць гэтую інфармацыю.

Заснаваны інстытут незалежнага рэгулятара. Яго галоўная задача — фармаванне канкурэнтнага асяроддзя ў сферы ІКТ. На першым этапе, этапе рэфармавання, гэтыя функцыі ўскладзеныя на ААЦ — дзяржаўную арганізацыю, надзеленую ўладнымі паўнамоцтвамі.

Мы вывучалі сусветны досвед — як негатыўны, так і пазітыўны. Мы вызначылі для сябе, што рэформы з такой гістарычнай традыцыяй лёгка не даюцца. Яны праводзяцца складана і часта хваравіта.

Я паспрабую аналогію правесці. Калі неабходна адкруціць іржавую гайку,  самыя галоўныя высілкі трэба спачатку прыкласці, каб гэтую гайку з мёртвай кропкі ссунуць. Потым гайка будзе ўжо са скрыпам, альбо без скрыпу, але значна лягчэй круціцца. Дык вось мы зараз знаходзімся на гэтым этапе, калі нам неабходна з мёртвай кропкі наш працэс рэфармавання.

У той жа час мы разумеем, што эфектыўнае рэгуляванне найважнейшых бакоў жыцця грамадства немагчыма без дакладнага ўзаемадзеяння з няўрадавымі, недзяржаўнымі арганізацыямі і грамадзянамі. З гэтай мэтай выпрацаваны механізм удзелу грамадзянскай супольнасці і бізнэс-супольнасці ў дзейнасці незалежнага рэгулятара.

Створаны стала дзеючы Савет незалежнага рэгулятара, куды ўваходзяць прадстаўнікі розных арганізацый, розных форм уласнасці і відаў дзейнасці. Створаны кансультатыўны савет па развіцці нацыянальнага сегменту. Асноўныя стратэгічныя пытанні выносяцца на Грамадскую раду пра прэзідэнце. У гэтай радзе, у прыватнасці, прадстаўлены інтарэсы 18-і найбуйнейшых камерцыйных кампаній.

Я мяркую, што, па меры лібералізацыі ІКТ, у Беларусі ступень дзяржаўнага рэгулявання будзе скарачацца, а роля грамадзянскай супольнасці і бізнэс-супольнасці будзе павышацца.

Сёння прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці прымаюць удзел у абмеркаванні пытанняў рэгулявання інтэрнэту на розных пляцоўках, у тым ліку ў СМІ. Ёсць шмат прыкладаў. У ходзе наведвання Мінска спадарыняй Міятавіч была выказана рэкамендацыя адмяніць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў інтэрнэт-кафэ па пашпартах. Гэтае пытанне было вынесена на шырокае абмеркаванне, і сёння я з задавальненнем магу канстатаваць, што пытанне вырашанае. Прадастаўляць пашпарты у інтэрнэт-кавярнях і іншых пунктах калектыўнага карыстання няма неабходнасці..."

Адразу ж пасля заканчэння блоку прамоваў два іншыя прадстаўнікі Беларусі — Юрый Зісер і Наталля Радзіна — першымі пачалі задаваць пытанні, адрасуючы іх Рабаволаву.  

Юрый Зісер выказаў незадаволенасць тым, што з-за манаполіі “Белтэлекаму” прыватныя правайдэры вымушаныя купляць дарагі інтэрнэт-трафік у дзяржавы. “Пасля прыняцця 60-га ўказу прайшло 3 гады, а воз і цяпер там...”

Другое пытанне тычылася “чорных спісаў”: Ю. Зісер выказаў упэўненасць, што сайты, якія ў іх фігуруюць, павінны быць паінфармаваныя пра гэта. Ён таксама выказаў неразуменне, чаму ў гэтых спісах апынуліся інфармацыйныя рэсурсы і блогі (ён згадаў “Хартыю–97”, “Белорусский партизан» і «Вясну–96»).   

Адразу ж пасля яго слова ўзяла рэдактарка “Хартыі” Наталля Радзіна. Яна назвала супрацоўніка ААЦ “прадстаўніком спецслужб Беларусі”, якія самі і перакрываюць доступ беларусаў да інфармацыі ў інтэрнэце.

Калі б я была ў Беларусі, я была б у турме”, — заявіла журналістка і нагадала пра падазроную гібель (Наталля сказала — “забойства”) заснавальніка рэсурсу Алега Бябеніна, разгромы офісаў “Хартыі” ў Мінску, сваё зняволенне ў турме КДБ па крымінальным абвінавачанні і вымушаныя ўцёкі з краіны. “Вы мне будзеце казаць пра нейкі дыялог?!”

Адказаць на ўсе гэтыя пытанні і закіды прадстаўнік ААЦ не паспеў, бо мадэратар перапыніў дыскусію і прапанаваў перанесці яе ў кулуары. 

 

Пытанні доступу да інтэрнэту ў аўтарытарных рэжымах уздымалася не толькі беларускімі ўдзельнікамі канферэнцыі.

Напрыклад, прадстаўнік Нацыянальна-даследчага цэнтра радыё і ТБ РФ  Аляксей Самахвалаў працытаваў нядаўнюю заяву Уладзіміра Пуціна пра тое, што радыкальных мысляроў будуць проста адключаць ад інтэрнэту.

Праблема крыецца ў адносінах паміж рознымі дзеючымі асобамі ўнутры дзяржавы, — выказаў меркаванне незалежны старшыня Global Network Initiative Жэрмін Брукс. Якая можа быць празрыстасць, калі да НДА адносяцца як да тайных агентаў? — даводзіў ён.

Паводле Вольфганга Кляйнвехтера, прафесара Орхускага універсітэта (Данія), любая дзяржаўная сістэма імкнецца пазбегнуць такіх дыскусій, якія разгарнуліся вакол Расіі, Таджыкістана ці Беларусі. Кіраванне інтэрнэтам павінна пачынацца на нацыянальным узроўні, дзе будзе прадастаўлена рэальная пляцоўка для розных галасоў — дзяржавы, бізнэса, арганізацый грамадзянскай супольнасці. Толькі нацыянальная пляцоўка з роўнымі магчымасцямі для ўсіх яе прадстаўнікоў можа паспрыяць супольнаму прыняццю рашэнняў.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"