Топ-10 рамантычных камедый, каб радасна адзначыць 2024
У кожнага чалавека, нават самага сур’ёзнага аматара аўтарскага кіно, узьнікае патрэба расслабіцца падчас прагляду цудоўнага, цёплага фільма. У сувязі з гэтым мы падрыхтавалі сьпіс з лепшых стужак у жанры рамантычная камедыя. Адпачывайце, прыемнага прагляду!
![Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі](/img/v1/images/it_happened_one_night.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Прыгажуня (Pretty Woman). 1990
![pretty_woman.jpg pretty_woman.jpg](/img/v1/images/pretty_woman.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Калі вас раптоўна абудзіць сярод ночы і папрасіць назваць некалькі фільмаў, прагляд якіх прыносіць радасьць, стужка Гары Маршала хутчэй за ўсё абавязкова будзе сярод іх. Шмат разоў прагледжаная, яна не губляе шарму і праз столькі гадоў, калі сюжэтныя хады добравядомыя, і рамантычныя сцэны вывучаныя як у школе.
Джулія Робэртс і Рычард Гір стварылі эталонную экранную пару, за адносінамі якой неверагодна прыемна назіраць. Прыгажуня — гэта сучасная казка пра Папялушку, у якой ёсьць квіток у сапраўднае жыцьцё, і яна абавязкова павінна ім скарыстацца.
Нумар 9. Джэнтльмэны аддаюць перавагу бляндынкам (Gentlemen Prefer Blondes). 1953
![gentlemen_prefer_blondes_1.jpg gentlemen_prefer_blondes_1.jpg](/img/v1/images/gentlemen_prefer_blondes_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ховард Хоўкс паставіў адзін з самых вядомых фільмаў з той самай бляндынкай. Гераіня Манро — кабета, якая ведае, чаго жадае і як гэта атрымаць, пры гэтым не губляючы свайго шарму. Гэта чароўная музычная камедыя, якая пакіне па сабе цудоўныя ўражаньні ад прагляду.
Легендарнае выкананьне песьні “Diamonds Are a Girl's Best Friend” стала ў нечым своеасаблівым гімнам некаторага кшталту паненак.
У стужцы гледачы ўбачаць знутры жыцьцё кабарэ. Менавіта такім словам можна апісаць і ўсё жыцьцё Манро.
Нумар 8. Выхаваньне дзеткі (Bringing Up Baby). 1938
![bringing_up_baby_2.jpg bringing_up_baby_2.jpg](/img/v1/images/bringing_up_baby_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Клясычны фільм Ховарда Хоўкса з найлепшай акторкай усіх часоў і народаў — Кэтрын Хёпбэрн. Яе партнэрам па здымках быў Кэры Грант, і на гэтую пару можна глядзець бясконца. У героя Гранта было заплянаванае вясельле, і на той жа дзень мусіла прыйсьці поштай костка дыназаўра, якая б сталася фінальнай рысай у стварэньні поўнага шкілету старажытнай жывёлы. Такая праца была ў мужчыны. Але напярэдадні яму сустрэлася гераіня Кэтрын Хёпбэрн, якая закруціла яго ў віры новых падзеяў.
Дзетка — такое імя мае леапард, які зьяўляецца ў фільме. Менавіта вакол яго будзе пабудаваныя сцэны карціны. У пэўны момант прывезеная апошняя костка дыназаўра была выкрадзеная сабакам і закапаная недзе на вялікім полі, і толькі леапард Дзетка зможа адшукаць яго. Героі ў сваю чаргу памылкова выпускаюць на волю іншага леапарда, які можа нападаць на людзей.
Выратаваньне — толькі ў вашым сьмеху.
Нумар 7. Вам ліст (You've Got Mail). 1998
![you_ve_got_mail_3.jpg you_ve_got_mail_3.jpg](/img/v1/images/you_ve_got_mail_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рэжысэрка фільма — Нора Эфрон, стварыла шыкоўную рамантычную камедыю, падзеі ў якой распачынаюцца ў яшчэ цёплую восень. Героі Мэг Раян і Тома Хэнкса ў перапынках ад сваёй працы атрымліваюць паведамленьні на настольны камп'ютар (не лэптоп, і яшчэ, вядома, не на смартфон), пра тое, што ім прыйшла пошта.
У іх перапіска з рамантычным ухілам. Раз на дзень ці на некалькі дзён яны чакаюць адказ на мінулы ліст. Праўда, нашыя героі нават і не бачыліся ўжывую, і нават не могуць падумаць, што іх праца вельмі падобная: гераіня Мэг Раян кіруе маленькай сямейнай кнігарняй, а герой Тома Хэнкса — сын уласьніка вялізнай сеткі па продажы кніг. Іх новы кніжны гіпермаркет мае адчыніцца ў непасрэднай блізкасьці ад кнігарні Мэг Раян. Гэта ставіць пад пагрозу маленькі бізнес.
Як жа гэта адгукнецца на іх рамантычных лістах? І калі ўрэшце яны зразумеюць, хто той невядомы, з кім вядзецца ліставаньне? Цудоўны фільм, каб глядзець яго і трымаць за руку асаблівага чалавека.
Нумар 6. Гэта здарылася аднойчы ноччу (It Happened One Night). 1934
![it_happened_one_night_2.jpg it_happened_one_night_2.jpg](/img/v1/images/it_happened_one_night_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Найлепшы фільм года па меркаваньні амэрыканскай кінаакадэміі. Стужка Фрэнка Капры зьяўляецца грандыёзнай эпохай у жанры рамантычнай камедыі, якая паўплывала на незьлічоную колькасьць фільмаў.
Галоўныя ролі выконваюць Кларк Гейбл у ролі рэпарцёра, які зробіць усё, каб знайсьці гарачы матэрыял, і Кладэт Кальбер у ролі спадчыньніцы-ўцякачкі. Яе бацька мільянэр, але яна вымушаная бегчы, каб шлюб зь не самым багатым каханым адбыўся насуперак старэйшаму пакаленьню.
Па сутнасьці фільм — гэта сьвята моцы каханьня, якое пераадольвае ўсе рознагалосьсі і злагоджвае душэўныя раны.
Нумар 5. Некаторыя любяць пагарачэй (Some Like It Hot). 1959
![some_like_it_hot_1.webp some_like_it_hot_1.webp](/img/v1/images/some_like_it_hot_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выдатная камедыя Білі Ўайлдэра праз дзесяцігоддзі пасьля выхаду на экраны не губляе свайго фантастычнага эфекту на новыя і новыя пакаленьні гледачоў. Бэнэфіс Мэрылін Манро, які падмацоўваецца моцным выкананьнем яе партнэраў – Тоні Кёрціса і Джэка Лемана.
Бясконцая гульня ў пераапрананьні. Мафія, шоу-кабарэ і шмат музыкі. Перамяшайце гэтыя інгрэдыенты, і атрымаецца вельмі гарачы кактэйль. Мэрылін Манро выглядае звышарганічна ў шыкоўным ансамблі.
Разам з тым па-за межамі здымачнай пляцоўкі ў акторкі віравала сапраўдная драма. Падчас здымкаў яна была цяжарнаю, але розныя фактары прывялі да таго, што Манро згубіла дзіця. Камедыя скончылася трагедыяй.
Мэрылін не была прыемным чалавекам. Засталося зусім мала сьведчаньняў яе калегаў ці знаёмых, дзе яе ўзгадвалі па-сапраўднаму цёплым словам. Вось і рэжысэр гэтага фільма, як і акторы ў галоўных ролях, былі надзвычай незадаволеныя яе падыходам да працы.
Зрэшты, фільмы з Мэрылін Манро глядзелі, глядзяць і будуць глядзець, не зважаючы на любую крытыку. І гэта правільна.
Нумар 4. Дзень Сурка (Groundhog Day). 1993
![groundhog_day_1.jpg groundhog_day_1.jpg](/img/v1/images/groundhog_day_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фантастычны і добры фільм з Білам Мюрэем і Эндзі МакДаўэл.
Тэлевізійны сіноптык Філ вымушаны з прадусарам і апэратарам ехаць у далёкі, маленькі, правінцыйны і нікому нецікавы гарадок, каб зьняць чарговы сюжэт, як 2 лютага гарадзкія ўлады выцягнуць з нары сурка і будуць глядзець, ці ёсьць ад яго цень – калі так, тады мясцовасьць чакае яшчэ 6 тыдняў зімы. Філ вельмі цынічны і зьдзекуецца зь любой нагоды.
Каманда абы-як здымае сюжэт, Філ у сувязі са сьнежным штормам вымушаны застацца ў гарадку яшчэ на адну ноч. Надыходзіць раніца, і атрымліваецца, што ўсё пачынаецца наноў і ён пражывае той жа дзень. А потым яшчэ раз. Бясконцы Дзень Сурка. Як жа выблытацца?
Нумар 3. Рымскія вакацыі (Roman Holiday). 1953
![roman_holiday_1.jpg roman_holiday_1.jpg](/img/v1/images/roman_holiday_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стужка, зьнятая легендарным Уільямам Уайлерам, — гэта цудоўная рамантычная камедыя. Галоўнае, што ёсьць у фільме — чароўны дуэт Одры Хёпбэрн і Грэгары Пэка, якія з кожным новым праглядам даруюць асалоду кінематаграфічным прыгодам сярод маляўнічых відаў Рыма.
Дагэтуль кадры, на якіх галоўныя героі на Веспе расьсякаюць вуліцы вечнага горада, зьяўляюцца неад’емным атрыбутам у кожнай сувэнірнай краме Рыма.
Рым зьяўляецца такім жа персанажам фільма, як героі Пэка і Хёпбэрн. Ад знакавых Гішпанскіх лесьвіцаў да велічнага Калізея. Уайлер па-майстэрску адлюстроўвае гістарычны шарм Рыма і вулічнае жыцьцё, прымушаючы гледачоў закахацца ў горад гэтак жа моцна, як і галоўныя героі фільма.
У сюжэце — прынцэса, якая прагне пабыць інкогніта, і журналіст, якому неабходныя сенсацыі. Але ў выніку становіцца неабходным нешта зусім іншае.
Нумар 2. Філадэльфійская гісторыя (The Philadelphia Story). 1940
![the_philadelphia_story_3.jpg the_philadelphia_story_3.jpg](/img/v1/images/the_philadelphia_story_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэтая камедыя Джорджа К'юкара займае асобнае месца сярод лепшых прадстаўнікоў жанру ў гісторыі.
Кэтрын Хёпбэрн зьзяе тут у ролі маладой сьвецкай ільвіцы, на вясельле якой запрошаныя шматлікія госьці і прэса. Усё мусіць адбыцца праз некалькі дзён, але ў загарадны дом, месца цырымоніі, якая мае адбыцца, прыяжджае былы муж гераіні ў выкананьні Кэры Гранта, а таксама пара незапрошаных журналістаў, якія мараць зрабіць сакавіты рэпартаж. Аднаго зь іх грае выдатны Джэймс Сьцюарт.
Фільм абавязковы для прагляду аматарам вечных рамантычных камедый і клясычнага галівудзкага глямуру.
Нумар 1. Амэлі (Le Fabuleux destin d'Amélie Poulain). 2001
![le_fabuleux_destin_d_amelie_poulain_1.webp le_fabuleux_destin_d_amelie_poulain_1.webp](/img/v1/images/le_fabuleux_destin_d_amelie_poulain_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фантастычны посьпех гэтай надзвычай мілай стужкі стаў сусьветным прызнаньнем у каханьні да францускага кіно. У Парыжы дагэтуль працуе кавярня, у якой працавала гераіня Адры Тату, там можна выпіць кавы з круасанам, зрабіць здымак ля аднаго з плякатаў і пайсьці блукаць па вуліцах сталіцы, па якіх бегала, хадзіла, езьдзіла Амэлі.
Таямніца посьпеху стужкі — у чароўнай звыкласьці гісторыі. Дзяўчына, якая магла ўбачыць казачныя праявы ў шэрых падзёртасьцях лёсу, і, паўтараючы за гераіняй, можна задацца пытаньнем, колькі людзей у гэты момант займаюцца каханьнем у Парыжы. Ці то ў Менску.
Гэта адзін з тых фільмаў, якія будуць пераглядаць пакаленьне за пакаленьнем гледачоў. Адзінае, пра што можна шкадаваць, гэта тое, што Адры Тату больш не атрымала магчымасьці знайсьці такі фэнаменальны посьпех у гледачоў у іншых стужках.
Прыемнага прагляду!