ТОП-9 дзіцячых кніг па-беларуску для зімовага чытання
Найлепшыя кнігі 2015 году па версіях незалежных выдавецтваў
Доўгімі зімовымі вечарамі дазвольце казачным героям весяліць вас і вашых дзетак. Яна Шыдлоўская выбрала дзевяць зімовых казак, персанажы якіх размаўляюць па-беларуску.
1. «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды»
Самотны, вынаходлівы Пэтсан і няўрымслівы, вясёлы каток Фіндус — персанажы, якія зрабілі імя Свена Нурдквіста сусветна вядомым. Першую гісторыю пра дзядулю і яго гадаванца шведскі казачнік і ілюстратар напісаў у 1984 годзе. Цяпер серыя пра Пэтсана і Фіндуса налічвае больш дзесяці кніг. Казкі Свена Нурдквіста перакладзеныя на трыццаць моў. Летась, акурат напярэдадні Калядаў, зімовыя прыгоды дзядулі і коціка з’явіліся на беларускай мове ў перакладзе са шведскай Надзеі Кандрусевіч. Гісторыя пачынаецца за некалькі дзён да Калядаў. Нарыхтоўваючы ў лесе яловыя галінкі, Пэтсан выцяў нагу. Тая моцна баліць, дзядуля не можа выйсці на двор, каб прынесці ялінку, не паспявае ў краму. У хаце не засталося нават малака, каб згатаваць святочную рысавую кашу. Морква і бляшанка сардзінаў могуць стаць каляднай вячэрай. Фіндус у роспачы. Аднак, дзякуючы вынаходлівасці Пэтсана, энтузіязму Фіндуса і добразычлівасці суседзяў, дзядуля і каток святкуюць свае самыя шчаслівыя Каляды. Сярод іншых казкі Свена Нурдквіста вылучаюцца тонкім гумарам, дарэчы, вельмі блізкім і зразумелым беларускаму чытачу, і, вядома, ілюстрацыямі, якія з задавальненнем разглядаюць і дзеткі, і дарослыя.
2. “Мама Му, Крумкач і Каляды”
Маму Му і Крумкач — яшчэ адна зорная пара персанажаў, якіх прыдумалі шведскія казачнікі Юя і Томас Вісландэры, а намаляваў ілюстратар Свен Нурдквіст. Каляды Маму Му святкуе, вядома, у кароўніку. Гаспадарова жонка ўпрыгожыла вокны каляднаю зоркай, гаспадар прынёс з лесу ялінку з маленькімі падарункамі і пачаставаў кароў свежым летнім сенам. Маму Му рыхтуе незвычайны пачастунак для гаспадара. Засмучаны толькі Крумкач. Ён сам мусіць дбаць пра падарункі самому сабе. Гара падарункаў у крумкачыным гняздзе вырасла да столі. Не дачакаўшыся Калядаў, нецярплівы Крумкач раскрывае ўсе пакункі і... на святы ўсё роўна застаецца без віншаванняў. Маму Му разам з курамі рыхтуе сюрпрыз для свайго сябра, да якога трэба ехаць на ровары. Крумкач узрушаны і ўсхваляваны. Для Мамы Му ў яго таксама знаходзіцца нешта незвычайнае.
Казачніца Юя Вісландэр неаднаразова наведвала Беларусь і падчас паездак сустракалася з маленькімі чытачамі. Са шведскай на беларускую мову гісторыі пра карову і яе сябра Крумкача перакладае Надзея Кандрусевіч. Беларускія дзеткі могуць чытаць на роднай мове кнігі “Мама Му, Крумкач і Каляды”, “Мама Му будуе дамок”, “Мама Му чытае”, “Мама Му прыбірае”. Нядаўна па-беларуску выйшла пятая кніга “Мама Му ў басейне”, паводле якой быў пастаўлены лялечны спэктакль. Па вэрсіі “Нашай Нівы”, казка ўзначаліла спіс самых купляных кніг у кнігарні “Логвінаў” за лістапад.
3. “Мама Му на санках”
Яшчэ адна зімовая гісторыя ад Юі і Томаса Вісландэраў. Дзеянне адбываецца на заснежанай горцы, адкуль хочуць з’ехаць на пазычаных у гаспадаровых дзяцей санках Маму Му і Крумкач. Мама Му едзе “дакладна” па трасе, збіваючы ўсе калочкі, і больш за ўсё ёй падабаецца падаць. Калі падыходзіць чарга Крумкача каціцца з гары, ён паказвае карове сапраўдны слалам. Дадому, праўда, яму даводзіцца ісці пешкі... Гісторыя напісана смачна, дынамічна і з гумарам.
Пераклад чарговай гісторыі пра Маму Му і Крумкача на беларускую мову ўжо гатовы. Выхад кнігі запланаваны на пачатак новага года. Таму прачытаць яе зімой сваім дзеткам мы паспеем.
4. “Снежны чалавек”
Кніга “Снежны чалавек” шведскай казачніцы Эвы Суса і французскага ілюстратара Бенжамэна Шо ў перакладзе са шведскай Алесі Башарымавай пабачыла свет у 2013 годзе. На яе прэзэнтацыі ў Мінску аўтарка прысутнічала асабіста.
Браты Ўна і Макс выпраўляюцца катацца з заснежанай гары на сноўбордзе. Тата кладзе ім у кішэні мандарынкі. Прагулянка пераўтвараецца ў сапраўдную прыгоду, бо ў лесе хлопчыкі сустракаюць Снежнага чалавека — з доўгай поўсцю і вялікімі нагамі. Снежны чалавек нясе хлопчыкаў у сваю пячору, дзе Ўна і Макс знаёмяцца з добрай козачкай, гатуюць суп на малацэ з чарніцаў і шышак, атрымліваюць падарункі ад старога Снежнага чалавека. Увечары гаспадар пячоры вяртае хлопчыкаў на ўзгорак, недалёка ад дому, дзе іх чакае тата. Дома Ўна і Макс спасцігнуць новае адкрыццё...
Нескладаны для дзіцячага ўспрымання сюжэт і добрыя малюнкі робяць кнігу пра Снежнага чалавека настольнай. Асабліва ў зімовую пару.
5. “Падарунак на Каляды”
Зборнік святочнага апавядання пабачыў свет у 2014 годзе. У кнізе сабраныя цудоўныя творы замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову Альгерда Бахарэвіча, Ганны Якуты, Алесі Башарымавай, Насты Гвоздзевай, Сержука Мядзведзева, Марыны Шоды, Наталлі Козінцавай. Дзеянне ўсіх апавяданняў адбываецца на зімовыя святы. У зборнік увайшлі казкі братоў Грым, Ханса Хрысціяна Андэрсэна, Чарлза Дыкенса, О.Генры, шведскага пісьменніка Яльмара Сёдэльбэрга. Сярод аўтараў — прадстаўнік Анголы Жузэ Эдуарду Агуалуза, які піша пра ноч, калі схапілі Дзеда Мароза, і партугалец Жоржы ды Сэна, які адкрывае сакрэт, чаму барада ў Дзеда Мароза белая. Кніга будзе выдатнай чытанкай у цёмны зімовы час і дапаможа бацькам пазнаёміць сваіх дзетак з казачнай класікай і сучаснымі творамі. Да таго ж, зборнік стане выдатным падарункам.
6. “Каляды з хроснай”
Рэкамэндуецца ўсім хросным. “Каляды з хроснай” беларускай казачніцы Алены Масла — гэта незвычайная гісторыя маленькай дзяўчынкі Вікі, якая разам з маці з вялікага горада пераехала жыць да бабулі з дзядулям. Тату яна амаль ня бачыць, бо той працуе ў іншым месцы. Напярэдадні зімовых свят родныя Вікі захварэлі, і дзяўчынцы дазваляюць адсвяткаваць Каляды і Новы год разам з хроснай, якая засталася жыць у вялікім горадзе. Чараўніца і фантазёрка ў добрым сэнсе гэтага слова, хросная жыве на апошнім паверсе самага высокага дома. Кожны дзень сябровак чакаюць прыгоды: яны праз вакно ловяць зоркі, якія пераўтвараюцца ў каменьчыкі, фатаграфуюць анёла, начароўваюць завіруху. Калі дом засыпае снегам, ладзяць гарналыжны курорт з трасай ад вакна хроснай да самай зямлі. Яны разам з дзецьмі лепяць снежнага лятучага Пегаса, які з задавальненнем катае сваіх новых сяброў. Святкуюць Новы год разам з суседзямі, адвозяць падарункі дзеткам, выконваючы даручэнне Дзеда Мароза. Віка вучыцца быць чараўніцай, робячы цуды і добрыя ўчынкі. Два тыдні з хроснай праляцелі вокамгненна, напоўненыя радасцямі, выпрабаваннямі, цудамі, прыгодамі, сюрпрызамі і неспадзяванкамі. Але самы галоўны падарунак Віка атрымае тады, калі надыходзіць час развітвацца з хроснай і збірацца дадому...
7. “Казачка пра гандляра Пятра, козачку і Каляды”
Казка Ігара Кузьмініча найлепшым чынам падыходзіць для тых, хто хоча расказаць дзеткам пра старажытную традыцыю калядавання. Тэкст напісаны лёгкім, дынамічным стылем, з рыфмаванымі сказамі, вельмі лёгкімі для ўспрыняцця на слых. Добрая і працавітая Козачка бегае па свеце, людзям дапамагае, праз яе на зямлі лета круглы год стаіць. Паклікаў неяк да сябе Козачку працавіты і шчодры гандляр Пятро. Папрасіў Казу ў хаце пасядзець, каб у яго з жонкай дзеткі з’явіліся. Пасадзіў яе за стол, квасам, куццёй з мёдам частуе, байкі расказвае. Засядзелася Каза ў гаспадара, пра свае справы забылася, і прыйшла на зямлю зіма. Людзі, апрануўшы кажухі і ўзяўшы ў рукі васьміканцовую зорку замест сонца, выпраўляюцца на пошукі Козачкі.
8. “З Новым годам!”
Гэтая кніга дапаможа зрабіць зіму і зімовыя святы вершаванымі. Песенькі, вершы, п’есы, казкі і загадкі — у зборнік увайшлі творы для дзяцей рознага ўзросту. Сярод аўтараў — Рыгор Барадулін, Сяргей Грахоўскі, Васіль Зуёнак, Ніл Гілевіч, Мікола Чарняўскі, Вера Бурлак, Артур Вольскі, Максім Танк, Аксана Спрынчан і шмат іншых выдатных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. У кнізе можна даведацца, як святкуюць новы год жывёлы ў лесе, якія прыгоды зімою мае Дзед Мароз, як да святаў рыхтуецца ялінка, як правільна паклікаць спадара з падарункамі, каб ён абавязкова прыйшоў, а таксама атрымаць шмат карысных парад, як паводзіць сябе на зімовыя святы. Многія вершы, дарэчы, могуць быць выкарыстаны для абароны навагодніх касцюмаў.
9. “Зімовая кніга”
Гэта маляваная кніга нямецкай мастачкі і ілюстратара Ротраўт Сюзаны Бернер. У ёй няма слоў — толькі малюнкі. Расказваць маляваныя гісторыі можна на якой заўгодна мове. У нашым выпадку — па-беларуску. Серыя кніг-малюнкаў пра невялікае мястэчка прынесла аўтарцы сусветную вядомасць. Больш за паўмільёна іх копій ужо разышліся па 15 краінах свету. У срыю ўвайшлі пяць кніг: веснавая, летняя, восеньская, зімовая і начная, дзеянне ў якіх адбываецца ў асобную пару году і, адпаведна, уначы. Усе кнігі звязаныя паміж сабою. Узімку, вядома, больш актуальнай для разглядання будзе зімовая кніга. Разглядаць яе можна бясконца, малюнкі складаюцца ў некалькі дзясяткаў сюжэтных гісторый. Вось толькі некалькі з іх: у горад едзе Санта Клаўс, пачынаецца будоўля дзіцячага садка, Зоі не пашанцавала на дарозе, Марк падчас прабежкі згубіў ключы і кашалёк, Віёла рыхтуецца да святочнага канцэрта, на плошчы адкрыты калядны кірмаш, Эла і Цім выправіліся па елку. Усе героі кнігі маюць імёны, што таксама спрыяе развіцьцю ўвагі і памяці дзіцёнка.
Паводле: Радыё Свабода