Выстава “Срэбра пачуццяў”: спалучэнне рэальнасці і іншасвету сноў

Выстава “Срэбра пачуццяў” адкрылася вечарам 17 кастрычніка ў сталічным Палацы мастацтва.У экспазіцыі — творы Анатоля і Алены Бараноўскіх, а таксама Віталя Герасімава — мастакоў з рознымі творчымі падыходамі  і стылістычнымі асаблівасцямі, злучанымі тонкай пачуццёвасцю і эмацыянальнай выразнасцю.



Аўтары выставы паспрабавалі зрабіць мікст рэчаіснага з містычным, адценняў настрою з святлом срэбра, фрагментамі сноў і фантазій, адлюстраваных праз уласную мастацкую прызму.

Народны мастак Беларусі Анатоль Бараноўскі нарадзіўся 9 мая 1937 года ў Мінску. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1965 года ўдзельнічае ў мастацкіх выставах. Працуе ў розных жанрах жывапісу, пераважна ў краявідзе, а таксама стварае фігуратыўныя карціны, нацюрморты і партрэты. З 1973 года — сябра Беларускага саюза мастакоў (БСМ).

bar_1_logo.jpg

Алена і Анатоль Бараноўскія

З 1966 году выкладае жывапіс ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ), з 1997 году — прафесар, акадэмік жывапісу. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусь (1996) і  спецыяльнай прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за ўклад у выхаванне творчай моладзі (2002).

Творы майстры знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Міністэрстве культуры Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы, у праўленні “Прыорбанку” (усе — Мінск), карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава (Светлагорск, Гомельская вобласць), Музеі выяўленчага мастацтва імя Паўла Масленікава (Магілёў), у зборах мастацкай галерэі горада Сазопаль (Балгарыя), Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Кітая ў Пекіне, а таксама ў фондзе Міжнароднай канфедэрацыі союзаў мастакоў у Маскве (Расія).

bar_3_logo.jpg

 Анатоль Бараноўскі. Нараджэнне дня

bar_4_logo.jpg

Анатоль Бараноўскі. Да Каложы вяртанне

Алена Бараноўская нарадзілася 27 красавіка 1967 года ў Мінску. У 1990 годзе скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (БТМІ). Удзельніца мастацкіх выстаў з 1986 года. Сябра БСМ з 1991 году. Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах краявіду і партрэта. Асноўныя творы: палотны “Азёрны край”, “Далягляды”, “Восень”, “Блакітны май”, “Восень на Свіслачы”, “Дарогамі вясны”, “Бабіна лета”, “Зіма”, “Шыпшына” і “Аўтапартрэт з сынам”. Узнагароджана залатым медалём Міністэрства культуры СССР (1990).

bar_10_jpg_logo.jpg

Алена Барноўская. Вясковы світанак

Творы мастачкі знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музеяі, Нацыянальнай бібліятэкі, Міністэрства культуры, у фондзе свелагорскай галерэі “Традыцыя” імя Г. Пранішнікава, а таксама ў прыватных калекцыях шэрагу краін, у тым ліку Германіі, ЗША, Швейцарыі, ЮАР і Японіі.

bar_2_logo.jpg

Віталь Герасімаў

Віталь Герасімаў нарадзіўся 17 лістапада 1957 года ў горадзе Сінельнікава Днепрапятроўскай вобласці (Украіна). Выпускнік БТМІ па спецыяльнасці “станковы жывапіс”(1990). Удзельнік мастацкіх выстаў з 1984 года. Сябра БСМ з 1991 года. З 1996 года — выкладчык кафедры жывапісу БДАМ, у 1997 — 2001 гадах — загадчык гэтай кафедры, з 2000 году — дацэнт. Працуе ў станковым жывапісу і графіцы. З 2012 года — старшыня секцыі жывапісу БСМ.

bar_11_jpg_logo.jpg

Віталь Герасімаў. Стары сад. Вёска Воўкавічы

Узнагароджаны срэбраным медалём Міністэрства культуры СССР (1990), медалём БСМ “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (2003). Творы Віталя Герасімава знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск) і ў фондах БСМ, а таксама ў Музеі біскупства (Катавіцы, Польшча).

Выстава працуе па 3 лістапада.