Сёння ў праваслаўных Вербніца. Як яе святкуюць?

Апошняя нядзеля перад Вялікаднём называецца Вербніцай (Вербіч, Вярба, Вербная нядзеля, Пальмавая нядзеля). Распавядаем, як святкуюць Вербніцу ў вёсках Слонімшчыны.

_belarus_vjasna_pryroda_zyvem_fota_novy_czas__4__logo.jpg


Дык як некалі на вёсцы святкавалі Вербніцу?
На Вербніцу зрэзвалі галінкі вярбы і складвалі ў адзін пучок. Пучок абвязвалі рознакаляровымі шарсцянымі ніткамі. Атрымліваўся такі маленькі прыгожы венічак з вярбы. Потым гэты венічак ставілі ў слоічак з вадой, каб вярба распусцілася і зазелянела. А потым на Вербніцу з вярбой ішлі ў царкву. Там яе асвячалі. Асвечаную вярбу прыносілі дахаты. Дома асвечанай вярбой сцябалі адзін аднаго прыгаворваючы: «Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень — Вялікдзень». А пасля гэту вярбу клалі за абразы. І яна там ляжала ўвесь год. А каляровыя нітачкі, калі хто вывіхне ногу ці руку, навязвалі на балючае месца. І імі лячыліся.
У іншых вёсках Слонімшчыны з дапамогай асвечанай вярбы дзяўчаты праводзілі варажбу, сцябаўшы незнаёмых хлопцаў, пыталіся ў іх імёны, спадзеючыся даведацца пра імёны сваіх суджаных. Асвечаную вярбу нават бралі з сабой перад ворывам, калі збіраліся ў поле. Там вяскоўцы яе ўторквалі ў зямлю, каб збожжа было тоўстае і вялікае, як вярба. А ўлетку, пры набліжэнні навальніцы, асвечаны дубчык вярбы выстаўлялі на вакно, каб адагнаць хмару. Супраць граду галінку нават падпальвалі. Ад пажару білі вярбою кожны куток у хаце. Асвечаным дубчыкам выганялі кароў першы раз на пашу. Пастух павінен быў трымаць вербачку ўвесь дзень пры сабе, тройчы выцінаючы кожную жывёлу, а потым уторкваў або ў мурашнік. Каб яго статак быў дужы і не разбрыдаўся, або, вярнуўшыся, — у страху, каб жывёлы своечасова вярталіся дадому і не баяліся нечысці.  
Нашы продкі спакон вякоў верылі, што, б’ючы галінкамі вярбы, можна перадаць чалавеку здароўе, жыццёвую моц, хараство гэтага дрэва, якое першае абуджаецца ад зімовага сну. Людзі казалі: «Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля», «Вярба хлёс! Сякі да слёз, ні я сяку — вярба б’е, трэці раз на здароўе», «Будзь здароў увесь год, як калядны лёд», «Будзь здароў, як вада, а расці, як вярба», «Хвароба ў лес, здароўе ў косці» і г. д.
Заўсёды вярба выкарыстоўвалася і ў народнай медыцыне. У народзе даўно заўважана, што майстры, якія займаюцца пляценнем з вербалозу, рэдка пакутаюць ад сустаўных хваробаў. А маці мне расказала яшчэ некалькі вярбовых рэцэптаў. Напрыклад, кара вярбы спыняе крывацёкі. Для гэтага здробленай у парашок карой трэба прысыпаць рану. Кара любой вярбы дапамагае яшчэ пры галаўным болі. Галінку злёгку трэба размачыць, зняць кару і пакласці унутраным бокам на лоб ці цемя, а зверху завязаць хустачкай.Сок свежай вясновай кары ніцай вярбы можна выкарыстоўваць і як касметычны сродак. Кампрэс з гэтым сокам разгладжвае скуру, здымае дробныя запаленні, а таксама дабратворна дзейнічае на стомленыя, пачырванелыя вочы.
У зэльвенскага паэта Уладзіміра Мазго прачытаў такія радкі:
Сонцам радасць свеціццаІ няма журбы,Бо сягоння Вербніца —Свята у вярбы.
Сапраўды, Вербніца — свята вярбы. Ніводнае дрэва такога светлага, радаснага і вечнага свята не маюць, а толькі вярба. Але Вербніца — гэта яшчэ свята Вясны, нашай з вамі Вясны. Вясну мы чакаем заўсёды, чакаем і спадзяемся, што яна прынясе нам Дабро і Святло. Таму штогод у асвечаных галінках вярбы мы нясём у свае хаты, у свае кватэры Любоў, Надзею, Веру.
Сёлета Вербніца выпала на 9 красавіка. І мы ўсе пойдзем асвячаць вярбу, а таксама мы, беларусы, верым, што Усявышні  адвядзе ад нас і нашых блізкіх хваробы, гора, нястачы, хваляванні, што дасць Ён нам сілы змяніць наша жыццё да лепшага, а трывогі і праблемы перажыць, пераадолець, каб мы зажылі лепш на роднай зямлі, на сваёй Бацькаўшчыне.