Баранавіцкі гарвыканкам перагледзіць сваё рашэнне пра масавыя мерапрыемствы

Баранавіцкі гарвыканкам будзе абавязаны ўнесці змены ў сваё рашэнне № 1497 «Аб масавых мерапрыемствах у Баранавічах» на карысць грамадскасці, паведаміў сябра Рады Руху «За Свабоду» Віктар Сырыца.



syrycia_viktar_1.gif

«Мы звярнуліся 9 верасня ў Брэсцкі гарвыканкам, бо заключыць дамову з міліцыяй па ахове грамадскага парадку было практычна немагчыма. Яна штучна зацягвала час, і гэта было прычынай, па якой гарвыканкам ужо тры гады запар забараняе пікеты, сходы і мітынгі з-за таго, што арганізатары масавага мерапрыемства не маюць дамовы з міліцыяй», — патлумачыў Віктар Сырыца сайту Pyx.by.

Па ягоных словах, «гарадскія ўлады ігнаравалі Пастанову Савета Міністраў ад 05.03.2012г. №207, якая не патрабуе заключэння дамовы з ГАУС пры арганізацыі масавага мерапрыемства».

«Згодна з гэтай пастановай выканкам на другі дзень пасля рэгістрацыі заявы на правядзенне масавага мерапрыемства павінен сам давесці копію заявы ў праваахоўныя органы, што якраз у Баранавічах і не выконвалася», — адзначыў сябра Рады Руху.

Актывісты прасілі, «каб Брэсцкі аблвыканкам абавязаў Баранавіцкі гарвыканкам унесці змены ў “Рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама № 1497 ад 16.06.2009г. «Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у г.Баранавічы» ў сувязі з прыняццем Пастановы Савета Міністраў РБ ад 05.03.2012г. № 207 і не парушаць ў далейшым правы заяўнікаў масавых мерапрыемстваў».

У адказе аблвыканкама сказана: «Баранавіцкаму гарвыканкаму дадзена даручэнне прывесці прывесці рашэнне №1497 у адпаведнасць з пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад сакавіка 2012 года №207». У пастанове прапісаны парадак узаемадзеяння з праваахоўнымі органамі, арганізатараў масавых мерапрыемстваў і прадстаўнікоў грамадскасці «па пытаннях аховы грамадскага парадка і забеспячэння грамадскай бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў».

Цяпер, па меркаванні Віктара Сырыцы, «Баранавіцкі гарвыканкам абавязаны ўнесці змены ў сваё рашэнне № 1497 «Аб масавых мерапрыемствах у Баранавічах» на карысць грамадскасці». 

Нагадаем, у ліпені старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся ў Савет міністраў ад імя арганізацыі з просьбай ініцыяваць у Канстытуцыйным судзе праверку законнасці нарматыўных актаў аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. У адказе было сказана, што прэзідыўм Саўміна прыняў рашэнне адмовіць у задавальненні просьбы. Пры гэтым адмова аніякім чынам не абгрунтавана.