Беларусь уводзіць пяцідзённы бязвізавы ўезд для грамадзян 80 краін

Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ № 8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян".

aeroport_minsk_3.jpg


Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, дакумент устанаўлівае бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не большы за пяць сутак цераз нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян 80 дзяржаў.
Указ набывае моц праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання і распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і некаторыя іншыя дзяржавы. Як адзначае прэс-служба, у першую чаргу "гэта спрыяльныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі і дзяржавы, у аднабаковым парадку ўсталявалі бязвізавы рэжым у дачыненні да беларускіх грамадзян". Новыя правілы таксама распаўсюджваюцца на неграмадзян Латвіі і асоб без грамадзянства Эстоніі.
Дакумент скіраваны "на актывізацыю падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, прыватных асоб, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты, і не будзе распаўсюджвацца на іншаземцаў, што ажыццяўляюць афіцыйныя паездкі: дыпламатычныя, службовыя, спецыяльныя і іншыя прыраўнаваныя да іх пашпарты пад увагу брацца не будуць", сказана ў паведамленні прэс-служба.
Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе дзейны пашпарт ці іншы дакумент, які яго замяняе, для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як двум базавым велічыням), медыцынскі страхавы поліс на суму не меншую за 10 тыс. еўра, што дзейнічае ў Беларусі.
Для грамадзян В'етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з'яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем у іх вылету з нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу пяці дзён з даты ўезду.
Парадак бязвізавага перамяшчэння не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама якія маюць намер ажыццявіць вылет у аэрапорты Расіі (гэтыя рэйсы з'яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца).
Тэкст указа пакуль не апублікаваны.
З 22 жніўня 2013 года ўсе замежныя грамадзяне, якія прыбываюць у Беларусь цераз нацыянальны аэрапорт Мінск, могуць атрымаць уязныя візы ў аэрапорце.
На прэс-канферэнцыі 14 снежня 2016 года намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч паведаміў, што рашэнне аб бязвізавым уездзе ў Беларусь для іншаземцаў цераз нацыянальны аэрапорт можа быць прынятае ў найбліжэйшы час. "Пытанне знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі, яго вырашэнне магчымае да канца гэтага года. Для нас вельмі важна апрабаваць бязвізавы ўезд цераз нацыянальны аэрапорт. Калі гэта дасць штуршок развіццю ўязнога турызму, то можна казаць пра магчымасці ўезду і цераз іншыя пункты пропуску", — дадаў прадстаўнік ведамства.
На яго думку, Беларусі варта скарыстацца прыкладам Латвіі, якая праводзіць акцыі па бязвізавым ўездзе ў краіну на калядныя і навагоднія святы для беларускіх турыстаў, што скарысталіся паслугамі авіякампаніі Air Baltic і пражывання ў гасцініцах.
Марына Носава, БелаПАН