Чарнобыльскі мітынг у Нью-Ёрку

26 красавіка 2014 года ў Нью-Ёрку адбыўся мітынг, прысвечаны 28-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.



Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся насупраць будынку Генеральнай Асамблеі ААН у парку Ральфа Банча, каб зноў прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да чарнобыльскай трагедыі, а таксама нагадаць пра тое, што цяпер на тэрыторыі Беларусі актыўным ходам ідзе будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, якую ўжо многія ахрысцілі як "Другі Чарнобыль".

Арганізатарам акцыі выступіла беларуска-амерыканскае аб'яднанне "Пагоня". Перад прысутнымі выступілі старшыня задзіночання Віталь Зайко, кіраўнік арганізацыі "Беларусы ў выгнанні" Дзмітрый Шчыгельскі, а таксама шэраг прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў ЗША.
 

У сваім звароце да прысутных Віталь Зайко нагадаў пра маштабы чарнобыльскай катастрофы, а таксама пра тое, як савецкае кіраўніцтва доўгі час наўмысна хавала ад сваіх грамадзян рэальныя наступствы аварыі. Віталь лічыць, што цяперашнія беларускія ўлады працягваюць традыцыі савецкага часу і не даюць насельніцтву поўную інфармацыю, у выніку чаго тысячы людзей па-ранейшаму жывуць на забруджаных тэрыторыях.

Закранаючы пытанне будаўніцтва новай АЭС на тэрыторыі Беларусі, Віталь адзначыў, што, насуперак заяўленай мэце зніжэння энергазалежнасці ад Расеі, гэты праект ажыццяўляецца за расейскія грошы, з выкарыстаннем расійскіх тэхналогій і з прыцягненнем расійскіх інжынераў і будаўнікоў.
 

Дзмітрый Шчыгельскі, у сваю чаргу, заявіў аб тым, што Астравецкая АЭС будуецца ў адсутнасць належнай праектнай дакументацыі і экалагічнай экспертызы. Таксама Дзмітрый зрабіў акцэнт на вострым недахопе кадраў для паспяховага функцыянавання станцыі, бо многія высокакваліфікаваныя спецыялісты, у тым ліку ў сферы ядзернай энергетыкі, у сапраўдны момант працуюць за межамі Беларусі.
 

У завяршэнне мерапрыемства адбылося шэсце, пасля якога ўдзельнікі і арганізатары абмяняліся думкамі датычна чарнобыльскай праблемы.

Прэс-служба "Беларусы ў выгнанні"