Хакеры ўзламалі сайт Цэнтрвыбаркама Беларусі

Сайт Цэнтральнага выбарчага камітэту Беларусі ўзламалі невядомыя і размясцілі фатаграфіі з сілуэтамі людзей са зброяй на фоне сцяга Курдыстана.



khak.jpg

Пра гэта піша ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» юрыст Юрый Чавусаў.

«Зайдзіце на сайт Цэнтральнай камісіі па выбарах — не пашкадуеце: падобна, што іх хакнулі курды. Музыка прышпільная», — напісаў ён.

Атака на сайт ЦВК адбылася вечарам 6 мая. Пры загрузцы галоўнай старонкі грае музыка. Таксама на ёй размешчана пасланне ад хакераў: «Узламана Махмудам Эбадзі. Няхай жыве пешмерга (курдскае апалчэнне — рэд.)».

Каля 9 гадзінаў раніцы 7 мая праца сайта ЦВК была адноўленая.

У мінулым месяцы хакеры «Ісламскай дзяржавы» ўзламалі сайт амбасады Туркменістана ў Беларусі.