Чаргінец раскрытыкаваў Шуневіча

Генерал-лейтэнант міліцыі, старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адмоўна ацаніў дзейнасць Ігара Шуневіча на пасадзе міністра ўнутраных спраў, піша Еўрарадыё.

Мікалай Чаргінец і Ігар Шуневіч. Фота "Наша Ніва".

Мікалай Чаргінец і Ігар Шуневіч. Фота "Наша Ніва".


На думку Чаргінца, Шуневіч вельмі самаўпэўнены і не праявіў "галоўную і найлепшую для міліцыянта якасць — разуменне чалавека".
Ён удакладніў, што мае на ўвазе: "Шуневіч будзе падазраваць любога, каб толькі, прабачце, выпендрыцца, сябе паказаць. Міністр мусіць быць іншым, мусіць быць палітыкам адносна грамадзянскай супольнасці, ставіцца да людзей як да людзей".
Нагадаем, што ў чэрвені Ігар Шуневіч быў звольнены "ў сувязі з пагадненнем бакоў". Тады экс-міністр казаў, што сам падаў кіраўніку дзяржавы рапарт аб адстаўцы.
Па словах Чаргінца, у МУС адстаўка Шуневіча была ўспрынятая пазітыўна: "Ведаю, што большасць людзей у сістэме радавалася".
Нагадаем, у 2007 годзе Мікалай Чаргінец судзіўся з Новым Часам, з-за "абразы гонару і дзелавой рэпутацыі", адсудзіўшы 50 млн. рублёў.