Дашкевіч: Сур'ёзныя санкцыі прымусяць Лукашэнку вызваліць палітвязняў за дзень
Выключэнне з «чорнага спісу» ЕС карнікаў і фальсіфікатараў выклікае здзіўленне.
Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў сустаршыня «Маладога фронту», былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, каментуючы выключэнне з санкцыйнага спісу ЕС васьмярых
беларускіх чыноўнікаў.
«Вядома, скарачэнне спісу неўязных у Еўрасаюз адбылося ў сувязі з вызваленнем Алеся Бяляцкага, але асабіста для мяне з кожным годам усё больш і больш дзіўна назіраць за гэтымі гульнямі
ЕС з Лукашэнкам. Складаецца такое ўражанне, што палітвязні Беларусі папросту прадаюцца. І нейкая палітычная логіка ва ўсіх гэтых гульнях была, можа, яшчэ гадоў 10 таму, калі спадзяваліся, што
Лукашэнка адумаецца. Але ён ужо 20 гадоў робіць усё, што заўгодна, гандлюе людзьмі, і гэта на Захадзе ўвесь час успрымаецца нармальна. Таму, на жаль, трэба ўжо не першы раз канстатаваць, што ў Еўропы
няма прадуманай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. І атрымліваецца толькі крок наперад — два крокі назад», — мяркуе ён.
Зміцер Дашкевіч упэўнены, што толькі палітыка ўзмацнення санкцый прывядзе да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў.
«Для мяне абсалютна відавочна, што толькі сур'ёзныя эканамічныя санкцыі ў адзін дзень прымусілі б Лукашэнку вызваліць усіх палітвязняў. І ўсе гэтыя палітычныя гульні для яго
нішто — ён гуляе ў іх лепш, чым заходнія чыноўнікі. Тым больш, ён
не абмежаваны нічым: ніякай мараллю, ні законамі», — перакананы сустаршыня «Маладога фронту».
Палітык таксама дадаў, што незразумела, чаму з «чорнага спісу» выключылі не дробных чыноўнікаў, а карнікаў і фальсіфікатараў — суддзяў, чэкістаў, пракурораў і членаў ЦВК.
«Гэта зусім бязглузда. Бо датычныя да рэпрэсій і фальсіфікацый пасля вызвалення нейкага палітвязня і выключэння іх з санкцыйнага спісу не перастаюць быць
злачынцамі», — адзначыў ён.
Нагадаем, нядаўна афіцыйны журнал Еўрасаюза апублікаваў абноўлены санкцыйны спіс у дачыненні да Беларусі. З яго выключаны прозвішчы васьмярых беларускіх чыноўнікаў. У той жа час у спіс уключана
толькі адно прозвішча.
charter97.org