Думаў, яго аб нечым папросяць, а перад ім пахваліліся. Чаму Лукашэнка быў сумным у Ташкенце

Беларуская дэлегацыя ляцела ў Ташкент з вялікімі надзеямі наконт паглыблення супрацоўніцтва. Аднак ёсць вялікія сумневы, што хоць частка з іх апраўдаецца: на рынку Узбекістана ўкараняюцца кампаніі з іншых краін, піша «Салідарнасць».

uz_12_1.webp

Узбекістан не назавеш багатай дзяржавай, але імкненне Мінска развіваць з ім адносіны зразумелае. Па-першае, рынак у краіне з 36-мільённым насельніцтвам велізарны. Па-другое, эканоміка Узбекістана ў апошнія гады паказвае ўпэўнены рост на 5-7% штогод.

У Ташкенце Лукашэнка стараўся па максімуме «прадаць» прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў, заяўляючы аб тэхналогіях высокага ўзроўню і гатоўнасці дапамагчы пабудаваць ва Узбекістане сумесныя фабрыкі і заводы.

Аднак, калі Мірзіёеў прывёз Лукашэнку ў «Тэхнапарк», кіраўнік Беларусі патух і засумаваў. Чаму ж?

Верагодна, ад таго, што цяперашняй Беларусі, якая, як зноў нагадаў Лукашэнка, атрымала ў спадчыну ад СССР вытворчасці і тэхналогіі, няма чым здзівіць сучасны Узбекістан.

У ташкенцкім «Тэхнапарку» кампаніі з Італіі, Паўднёвай Карэі, Японіі, Кітая і іншых краін вырабляюць бытавую тэхніку (напрыклад, халадзільнікі Samsung), газавыя катлы і абсталяванне (Ferroli і Pietro Fiorentini), ліфты, эскалатары і многае іншае.

Прадукцыя экспартуецца ў дзясятак краін, уключаючы Беларусь.

Лукашэнку таксама паказалі грузавыя і легкавыя аўтамабілі, што вырабляюцца ва Узбекістане. Грузавыя, а таксама спецтэхніку выпускаюць на ўзбекска-нямецкім прадпрыемстве MAN Auto-Uzbekistan.

Легкавыя аўтамабілі (за апошнія гады іх вытворчасць падвоілася і вырасла да 395 тысяч (!) аўто па выніках 2023 года) вырабляюць адразу на некалькіх заводах. Самыя буйныя з іх выпускаюць маркі Chevrolet і кітайскія Chery.

Вырабляюць ва Узбекістане і аўтобусы, але ў асноўным закупляюць іх у Кітаі. Увогуле вялікае прывітанне МАЗу, чыя доля на расійскім рынку грузавікоў скарачаецца і чые аўтобусы там пастаянна гараць.

За апошнія гады колькасць замежных кампаній ва Узбекістане павялічылася ў некалькі разоў. І, заўважце, гэта адбылося без удзелу беларускіх прадпрыемстваў, многія з якіх цяпер ужо знаходзяцца пад санкцыямі.


Глядзіце таксама

Знешнегандлёвы абарот Узбекістана летась вырас да 62 мільярдаў долараў, з якіх толькі 1% прыходзіўся на гандаль з Беларуссю.

Лукашэнка марыць, каб знешнегандлёвы тавараабарот з Узбекістанам у бліжэйшы час дасягнуў $1 млрд. А ведаеце, з кім у Ташкента ўжо ёсць такі аб'ём? З Германіяй — такой далёкай для Узбекістана і такой блізкай для Беларусі.

За апошнія гады аб'ём нямецкіх інвестыцый у гэтую краіну Сярэдняй Азіі склаў 4 млрд еўра. Ва Узбекістане ўжо вырабляюць грузавікі MAN, сельгастэхніку Claas і Lemken, кабельна-правадніковую прадукцыю Deutsche Kabel.

Летась Мірзіёеў лётаў да Шольца, і яны дамовіліся ўвасобіць у жыццё праекты яшчэ на $9 млрд. Параўнайце гэтую лічбу з пакуль усяго толькі надзеямі Лукашэнкі.

Напэўна, кіраўнік, калі ляцеў у Ташкент, думаў, што Мірзіёеў яго хоча папрасіць дапамагчы тэхналогіямі. Не. Ён пахваліцца хацеў: прагрэс Узбекістана становіцца асабліва прыкметным на фоне стагнуючай пры Лукашэнку Беларусі.