Дзярждума Расіі падрыхтуе заяву аб анэксіі ГДР у 1989 годзе

Такім чынам расійскія дэпутаты вырашылі адказаць на нападкі ПАСЕ з нагоды анэксіі Крыма. Зрэшты, гэта ўжо трэнд: у Дзярждуме раней прапаноўвалі пераацаніць бамбаванне Хірасімы і вайну ў Афганістане, а таксама заснаваць Дзень узяцця Парыжа.



gosdura.jpg

Старшыня Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін даручыў камітэту па міжнародных справах прапрацаваць магчымасць прыняцця заявы, якая асуджае «анэксію Германскай дэмакратычнай рэспублікі Федэратыўнай рэспублікай Германія ў 1989 годзе».
З такой ініцыятывай, як перадае ТАСС, выступіў у сераду, 28 студзеня, пры абмеркаванні парадку работы палаты дэпутат ад КПРФ Мікалай Іваноў. «Паважаны Сяргей Яўгенавіч, мы ўсе суперажывалі вам, калі 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы вы адбівалі нападкі старшыні Ан Брасер, якая вінаваціла Расію ў анэксіі Крыму», — звярнуўся ён да спікера.
«Прапаную ў якасці кроку ў адказ даць даручэнне камітэту па міжнародных справах падрыхтаваць заяву, што асуджае анэксію Германскай дэмакратычнай рэспублікі Федэратыўнай рэспублікай Германія ў 1989 годзе. Тым больш што, у адрозненне ад Крыму, у ГДР агульнанародны рэферэндум праведзены не быў», — нагадаў ён.
Рэагуючы на гэтую прапанову, Нарышкін папрасіў профільны камітэт Дзярждумы па міжнародных справах «яго разгледзець і асобна далажыць».
Варта адзначыць, што гэта ўжо не першая падобная ініцыятыва расійскіх парламентарыяў — Савет Федэрацыі хоча перагледзець рашэнне аб перадачы Крыму Украіне ў 1954 годзе, а Дзярждума раней прапаноўвала перагледзець ацэнку бамбаванняў Хірасімы і Нагасакі і пастанову, якая 25 гадоў таму асудзіла вайну ў Афганістане, а таксама ўвесці ў Расіі новы дзень вайсковай славы —  дзень ўзяцця Парыжа і пераможнага завяршэння Айчыннай вайны 1812 года.