ЕС запатрабуе ў ААН вызвалення палітвязняў

Рада Еўрасаюза мае намер запатрабаваць у ААН «хутчэйшага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў у Беларусі».



turma1.jpg

Пра гэта гаворыцца ў адмысловай пастанове Рады міністраў замежных спраў ЕС, прынятай 10 лютага. Пастанова «Аб прыярытэтах ЕС на міжнародных форумах па правах чалавека» прысвечана маючай адбыцца чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека.

ЕС заклікае міжнародную супольнасць звярнуць увагу на «сур’ёзныя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека» ў КНДР і таксама расследаваць іх. У дакуменце ўказана на трывожнае становішча з правамі чалавека ў Іране, Шры-Ланцы, М’янме, Беларусі, ЦАР, Паўднёвым Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

ЕС будзе і надалей выступаць у абарону правоў чалавека ў свеце і ў падтрымку шматбаковай міжнароднай сістэмы правоў чалавека, гаворыцца ў пастанове.

У дакуменце падкрэслена асаблівая заклапочанасць у сувязі з неспрыяльным становішчам з правамі чалавека ў шэрагу краін, перш за ўсё ў Сірыі. Там сітуацыя ўяўляе сабой «самы востры гуманітарны крызіс у сучаснай гісторыі».

Рада ЕС зноў заклікала ўсе бакі канфлікту, перш за ўсё кіроўны рэжым, спыніць гвалт і парушэнне міжнароднага гуманітарнага права. Адзначаючы, што вінаватыя ў злачынствах павінны панесці адказнасць, ЕС заклікаў забяспечыць хутчэйшы доступ у краіну міжнароднай камісіі па расследаванні.

У пастанове адзначаецца «універсальны, непадзельны, узаемазалежны характар правоў чалавека» і выяўляецца рашучасць адстойваць іх ва ўсім свеце. Асобныя пункты пастановы прысвечаны барацьбе за адмену смяротнага пакарання, свабодзе веравызнання, правам дзіцяці, роўнасці палоў, свабодзе слова, свабодзе сходаў і аб’яднанняў, барацьбе супраць катаванняў і жорсткага абыходжання, супраць дыскрымінацыі на глебе сэксуальнай арыентацыі.
 

Каляндар вызвалення палітвязняў у Беларусі


Паводле праваабаронцаў, першым з-за кратаў павінен выйсці палітвязень Уладзімер Яроменак, а апошнім Ігар Аліневіч.

«Сумную статыстыку сучаснай Беларусі» прадставіла ў фэйсбуку сябра Праваабарончага цэнтра «Вясна» Тацяна Равяка. Яна склала каляндар вызвалення палітвязняў.
 

У 2014 годзе чакаецца вызваленне 5 сённяшніх палітвязняў:


 

·                                 11 сакавіка — Уладзімер Яроменак

·                                 8 красавіка — Мікалай Аўтуховіч

·                                 8 траўня — Андрэй Гайдукоў

·                                 5 снежня — Васіль Парфянкоў

·                                 18 снежня — Эдуард Лобаў


 

У 2015 годзе чакаецца вызваленне:


3 сакавіка — Мікалай Дзядок
 

У 2016 годзе чакаецца вызваленне:


 

·                                 4 сакавіка — Алесь Бяляцкі

·                                 20 снежня — Мікалай Статкевіч


 

У 2018 годзе чакаецца вызваленне:


 

·                                 17 студзеня — Яўген Васьковіч

·                                 17 студзеня — Арцём Пракапенка

·                                 29 лістапада — Ігар Аліневіч

 

www.svaboda.org