Юрась Губарэвіч: У новай Беларусі Рух «За Свабоду» атрымае легальны статус

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку старшыня Руху «За Свабоду» пракаментаваў сённяшняе рашэнне Вярхоўнага суда пазбавіць арганізацыю рэгістрацыі. «Мы працавалі на пабудову новай, сучаснай, еўрапейскай Беларусі», — адзначыў ён.

Фота з фэйсбукв Юрася Губарэвіча

Фота з фэйсбукв Юрася Губарэвіча

— Сёння Вярхоўны суд Беларусі па прапанове Міністэрства юстыцыі прыняў рашэнне аб пазбаўленні рэгістрацыі Руху «За Свабоду», — піша Губарэвіч. 

Кампанія прэсінгу з боку рэжыму ў дачыненні да Руху ў 2021 годзе працягвалася больш за шэсць месяцаў і ўключала ў сябе: комплексную праверку дзейнасці арганізацыі за тры гады і вынясенне двух папярэджанняў ад Міністэрства юстыцыі, шэсць судовых пасяджэнняў у Вярхоўным судзе, вобшукі з канфіскацыяй тэхнікі і інфармацыйных матэрыялаў на цэнтральным офісе і па месцы жыхарства кіраўніцтва арганізацыі і, урэшце, паслядоўную адмову Мінюста ў кожнай з трох спробаў унесці праўкі ў статут адносна размяшчэння юрыдычнага адраса, што і стала фармальнай падставай для ліквідацыі юрыдычнага статуса Руху «За Свабоду».

Фармальнае пазбаўленне легальнага статуса арганізацыі не здольнае забраць у актывістаў Руху пачуццё веры ў слушнасць абранага шляху, салідарнасць і ўзаемападтрымку сяброў Руху. Гэтак жа не сыдзе ў нябыт усё тое станоўчае, што было зроблена за 15-гадовую гісторыю дзейнасці арганізацыі.

Ад моманту стварэння Рух «За Свабоду» ставіў выразныя палітычныя мэты. Мы працавалі на пабудову новай, сучаснай, еўрапейскай Беларусі. У 2020 годзе мы ўсе адчулі, што гэтыя мэты падзяляе велізарная частка беларускага грамадства.

Мы нясём адказнасць за лёс краіны і разумеем той факт, што без кардынальных змен у Беларусі аднаўленне легальнай дзейнасці немагчымае. У новай Беларусі Рух «За Свабоду» атрымае легальны статус палітычнай партыі, якая на ўсіх узроўнях выбарчых органаў улады будзе прадстаўляць інтарэсы праеўрапейска-арыентаванай часткі грамадства. Мы працягнём рабіць усё магчымае, каб гэты час як мага хутчэй прыйшоў.