«Каб выжываць, трэба працаваць па 16 гадзін у суткі»: у Гродне сёння бастуюць таксісты

Каля 30 таксі прыехалі сёння на стаянку каля гіпермаркета «Карона» для пратэсту. Час быў абраны самы пікавы для горада — з 7 да 9 раніцы. Кіроўцы не прымалі заказы, тым самым блакуючы працу таксі. Перавозчыкі незадаволеныя нізкімі тарыфамі, дрэннымі ўмовамі працы і мізэрнымі заробкамі. Ад страйку чакаюць узняцця тарыфаў і рэгулявання рынку перавозак.

taxi_zabastouka.jpg

— Усе новыя агрэгатары, якія прыйшлі на рынак — «Яндэкс», «Максім», у прыватнасці, першапачаткова прапаноўвалі нядрэнныя ўмовы для кіроўцаў, потым усё станавілася горш і горш. Першапачаткова мінімальная замова для кіроўцы была 3.5 рубля, т.б. калі кошт замовы быў меньш, Яндэкс даплочваў. Цяпер наогул прыбралі ўсе даплаты, і стала нявыгадна вазіць, — распавядае s13.ru кіроўца Сяргей.
Мужчына прыйшоў у службу таксі ў студзені гэтага года. І ўвесь гэты час працаваць прыходзіцца ў такіх умовах.
Каб выжываць, трэба працаваць па 16 гадзін у суткі. Калі працуеш на «заробкавай» машыне, то за 12 гадзін можна зарабіць рублёў 25. У каго машына свая, то лепей, — кажа пра сваю працу Сяргей. — Але не варта забываць, што калі рэгістраваць машыну менавіта ў якасці таксі, заробак зніжаецца, адсюль і куча «чорных». А калі гэта арэнда, то хлопцы ездзяць і па 16 гадзін толькі, каб не «патрапіць» на грошы і нешта прывезці дадому.

taxi_zabastouka_2.jpg

Паездка на таксі сёння стала больш, чым даступнай. Адлегласць да 4 кіламетраў можна праехаць за 2.5 рубля. Калі ехаць сям’ёй з 4 чалавек, гэта танней, чым на маршрутным таксі і нават на аўтобусе.
— Агрэгатары павыціскалі усіх спачатку сваімі «завабінкамі», і зараз людзі працуюць літаральна за хлеб, а яны — «Яндэкс», «Максім» — сталі манапалістамі на рынку. Вось і хочам, каб нас пачулі, — тлумачыць пазіцыю таксістаў Сяргей. — Ад страйку чакаем узняцця тарыфаў, каб пра гэта загаварылі, у тым ліку і на дзяржаўным узроўні. Пара або вяртаць ліцэнзіі, ці неяк рэгуляваць рынак.

taxi_zabastouka_3.jpg