Лявон Баршчэйскі: Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі — некаторая гарантыя ў цяперашні трывожны час

Чвэрць стагоддзя таму, 27 ліпеня 1990 года, беларускі парламент ухваліў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. 25 жніўня 1991 года, праз тры дні пасля правалу путчу ў Маскве, Вярхоўны Савет 12-га склікання надаў дакументу статус канстытуцыйнага закону.



860ae910_dda3_41b8_955c_fea0371dce3d_w640_r1_s.jpg

19 верасня таго ж года ў сувязі з перайменаваннем БССР у Рэспубліку Беларусь адпаведныя змены былі ўнесеныя ў назву і тэкст дэкларацыі. 15 сакавіка 1994 года ў развіццё палажэнняў дэкларацыі была прынятая новая Канстытуцыя. У 1991–1996 гадах 27 ліпеня адзначалася ў Беларусі як дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці. Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года Днём Незалежнасці стала лічыцца 3 ліпеня — дзень вызвалення Менска ад нацыстаў.

Дэкларацыя, якая працягвае мець законную сілу, складаецца з 12 артыкулаў.  У першым артыкуле зазначалася:

«Рэспубліка Беларусь — суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народу ў вызначэнні свайго лёсу».

 

«Праект дэкларацыі прапанаваў ЦК КПБ», — у інтэрв'ю БелаПАН згадвае Станіслаў Шушкевіч, які займаў тады пасаду першага намесніка старшыні Вярхоўнага Савета БССР.

gdb.rferl.org__eb000f21_6466_4_075645aefcc324b3d69457ca6b41e100.jpeg

Станіслаў Шушкевіч

Да таго моманту падобны дакумент ужо быў прыняты ў Расіі. Прадстаўлены раней праект дэпутатаў Беларускага народнага фронту быў адпрэчаны большасцю. Варыянт ЦК КПБ быў істотна перапрацаваны, у яго ўвайшлі прапановы БНФ. «Хоць у Фронту засталася пэўная крыўда, паколькі ў 11-м артыкуле змяшчалася палажэнне аб распрацоўцы новай саюзнай дамовы. У знак пратэсту дэпутаты ад БНФ пакінулі залу пасяджэнняў», — сказаў былы першы віцэ-спікер, які ў верасні 1991 года змяніў Мікалая Дземянцея на пасадзе старшыні парламента.

Вельмі важным і ў той жа час нечаканым, дадаў Шушкевіч, стала наданне дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закону ў жніўні 1991 года, што стала базай для новага Асноўнага закона. «Важней таго дня, 27 ліпеня 1990 года, толькі 25 сакавіка 1918 году, калі ўпершыню была абвешчаная беларуская дзяржаўнасць. І да 3 ліпеня гэта не мае дачынення. З ліпеня — гэта свята вызвалення», — перакананы Шушкевіч.

Дэкларацыя аб суверэнітэце была «вельмі своечасовым і патрэбным актам», заявіў у інтэрв'ю БелаПАН дэпутат ВС 12-га склікання ад БНФ Лявон Баршчэўскі. Паводле яго слоў, першы год дакумент так і заставаўся дэкларацыяй, але гісторыя паказала, што ў палітыцы «пустых паперак» не бывае: «Перад прыняццем дакумента ішла вайна за кожнае слова. Нам удалося паламаць планы палітбюро. У нашым варыянце дэкларацыі было 30 з лішнім артыкулаў, і многія фармулёўкі ўвайшлі ў дакумент практычна ў нязменным выглядзе. Хоць адстаяць удалося ня ўсё. Напрыклад, мы хацелі заявіць, што з'яўляемся бяз'ядзернай і нейтральнай дзяржавай, але ў выніку было прынята, што такая мэта толькі ставіцца. А пры галасаванні 11-га пункта мы выйшлі з залы».

gdb.rferl.org__424603a2_9062_4_966d1a12921e3358fc624df2187dbb53.jpeg

Лявон Баршчэўскі

«Дэкларацыю аб суверэнітэце прыняў абсалютна легітымны орган улады: фактычна толькі што абраны Вярхоўны Савет 12-га склікання. Асноўныя палажэнні дакумента, у тым ліку аб бяз'ядзерным статусе і нейтралітэце, адлюстраваныя ва ўсіх рэдакцыях Канстытуцыі. І гэта — некаторая гарантыя ў цяперашні трывожны час», — падсумаваў Баршчэўскі.

www.svaboda.org