НІСЭПД: Беларусы не хочуць жанчыну прэзідэнта
Кандыдатам ад апазіцыі большасць беларусаў хоча бачыць вядомага, дасведчанага палітыка. Але не жанчыну.
НІСЭПД апублікаваў вынікі сакавіцкага апытання жыхароў Беларусі. Згодна з імі, давер да ўлады ў насельніцтва паніжаецца, Так, больш за 38 % апытаных лічаць немагчымым значнае паляпшэнне жыцця насельніцтва пры цяперашнім кіраўніцтве і палітыцы, якую яно праводзіць.
Рэйтынг даверу да Аляксандра Лукашэнкі працягвае зніжацца. У верасні 2014 года яму давяралі 53,5 %, у снежні — 49,9 %, у сакавіку 2015-га — 48,8 %. (Не давяралі, адпаведна, 33,3 %, 35,6 %, 39,7 %). Галасаваць за цяперашняга кіраўніка дзяржавы на прэзідэнцкіх выбарах у верасні 2014-га былі гатовыя 45,2 %, у снежні — 40 %, у сакавіку 2015-га — 34,2 %.
Прыхільнікамі цяперашняй улады назвалі сябе 37,3 % рэспандэнтаў, 25,4 % лічаць сябе апанентамі ўлады. А 36,7 % сказалі, што "не думалі пра гэта і ім гэта абыякава".
Зрэшты, нават пры паніжэнні рэйтынгу Лукашэнка працягвае апярэджваць любых апазіцыйных лідараў. Электаральны рэйтынг (па адкрытым пытанні) Уладзіміра Някляева сёння складае 7,6 % (у снежні быў 3,5 %), Мікалая Статкевіча — 4,5 % (быў 2,7 %), Аляксандра Мілінкевіча — 1,6 % (быў 2,8 %), Анатоля Лябедзькі — 2,9 % (быў 0,8 %), Сяргея Калякіна — 1,6 % (быў 0,7 %). Рэйтынг Лукашэнкі па закрытым пытанні складае 36,9 %, а Някляева — 9,4 %.
На прэзідэнцкіх выбарах большасць хацела б бачыць кандыдатам ад апазіцыі дасведчанага, вядомага палітыка (44,5 %). Удвая менш чакаюць новага чалавека, малавядомага палітыка (22,3 %), і менш за ўсё хочуць бачыць жанчыну-палітыка (16,4 %).