Наваабраны прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан — асабісты сябар палітзняволенага Міколы Статкевіча
Па папярэдніх выніках, прэзідэнтам Чэхіі ў другім туры абраны экс-прэм’ер, сацыял-дэмакрат Мілаш Земан. З Мікалаем Статкевічам ён асабіста пазнаёміўся у красавіку 2002 года падчас свайго візіту ў Мінск у складзе дэлегацыі Сацыялістычнага інтэрнацыяналу.
Злева — Мілаш Земан, справа — Мікола Статкевіч
Займаючы на той час пасаду прэм’ер-міністра Чэхіі Мілаш Земан адначасова з’яўляўся старшынёй Камітэту ў справах міру, бяспекі і правоў чалавека Сацыялістычнага інтэрнацыяналу. Менавіта у гэтай якасці ён уваходзіў у склад дэлегацыі поруч з тагачасным Генеральным сакратаром Сацінтэрна Луісам Аялай. Візіт меў на мэце падтрымку дэмакратычных сіл у Беларусі, павінен быў садзейнічаць стварэнню міжнароднай камісіі па расследаванню справы зніклых палітыкаў, паспрыяць дыялогу паміж апазіцыяй і ўрадам.
Як адзначыў тады па выніках візіту ў інтэрв’ю радыё “Свабода Мілаш Земан, беларускае пасольства ў Празе шэсць разоў спрабавала арганізаваць ягоную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, і шэсць разоў Земан адмаўляў, зазначаючы, што гатовы сустракацца толькі ў складзе ўсёй дэлегацыі ўключна з лідэрам "Народнай Грамады" Міколам Статкевічам. На гэта не пайшоў беларускі афіцыйны бок.
Сам жа Мікола Статкевіч ацаніў візіт як яскравую праяву сацыял-дэмакратычнай салідарнасці. “І гэта, — падкрэсліў ён, — не пустыя словы, колькі разоў яны выцягвалі мяне з турмы, з самай безнадзейнай сітуацыі http://www.svaboda.org/content/article/24871278.html
Фота Алеся Станкевіча