Партыя БНФ прапануе абмежаваць дзейнасць расійскіх фондаў у Беларусі

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч накіраваў у Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта прапановы па ўзмацненні кантролю за дзейнасцю ў Беларусі расійскіх донараў і фондаў.



personal_finance_002.png

Прапановы распрацаваныя ў межах грамадскага абмеркавання, якое наладжанае Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці з нагоды рэфармавання парадку атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі.

2 сакавіка 2015 году Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці абвясціў аб падрыхтоўцы новага прававога акта, скіраванага на ўдасканаленне парадку атрымання, выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі, які рэгулюецца цяпер Дэкрэтам ад 28 лістапада 2003 г. № 24 «Аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі».

Партыя БНФ прапануе выключыць з заканадаўства нормы, згодна з якімі дзейнасць расійскіх донараў не падпадае пад агульны парадак і абмежаванні, што вызначаныя для ўсіх замежных і міжнародных  фондаў.

У сваім звароце старшыня Партыі БНФ звяртае ўвагу, што цяпер сродкі, якія паступаюць у Беларусь ад расійскіх фондаў, не падлягаюць рэгістрацыі і не лічацца замежным фінансаваннем. Адпаведна, на іх не распаўсюджваюцца абмежаванні ў мэтах, на якія не могуць выкарыстоўвацца замежныя грошы. Такім чынам, расійскае фінансаванне можа быць выкарыстанае для вядзення грамадска-палітычнай працы, а таксама ў мэтах, якія шкодзяць  нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

Паводле прэс-службы партыі БНФ