Адмова ў правядзенні мерапрыемстваў да Дня Волі ў Гродна
Гродзенскі гарвыканкам адмовіў гарадской арганізацыі партыі БНФ у магчымасці зладзіць масавыя мерапрыемствы, прысвечаныя 97-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вадзім Саранчукоў
Адмову на правядзенне пікета ў Каложскім парку — месцы, дазволеным для падобных акцый, улады нічым не патлумачылі, што па словах старшыні Гродзенскай гарадской суполкі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, не з’яўляецца нечаканасцю.
— Стандартная пазіцыя сённяшняй адміністрацыі як у нашым горадзе, так і па ўсёй краіне. Любая праява актыўнасці, непадкантрольнай мясцовым ці рэспубліканскім уладам, лічыцца нечым нелаяльным і душыцца ад пачатку, пачынаючы ад культурніцкіх імпрэзаў, заканчваючы палітычнымі акцыямі, — кажа Вадзім Саранчукоў.
Ужо на працягу доўгіх гадоў афіцыйны дазвол на правядзенне масавых акцый, прысвечаных Дню Волі, грамадскія актывісты і прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый атрымліваюць выключна ў Мінску. Што датычыць іншых мясцовасцей, то забарона на арганізацыю пікетаў і мітынгаў застаецца актуальнай.