Мінгарвыканкам дазволіў вулічную акцыю на Дзень волі 25 сакавіка
Мінскі гарвыканкам дазволіў правядзенне 25 сакавіка традыцыйнай акцыі з нагоды Дня Волі. Аднак чыноўнікі адкарэктавалі час правядзення акцыі.
Першапачаткова мерапрыемства планавалася з 17.00 да 20.00, але ўлады дазволілі правесці збор удзельнікаў акцыі з 15.00 да 16.00 каля кінатэатра "Кастрычнік", шэсце да плошчы Бангалор з 16.00 да 17.00, мітынг у парку Дружбы Народаў да 18.00.
"Змяняючы час правядзення акцыі, чыноўнікі спасылаліся на шматлікія скаргі мінулых гадоў і гэтага года аб тым, што шэсце ў гадзіну пік стварае шмат нязручнасцяў, — сказаў лідар партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Вядома, новыя часовыя рамкі правядзення акцыі ствараюць перашкоды для ўдзелу тым, хто будзе працаваць у гэты час. Мы заклікаем прыйсці на Дзень Волі прыхільнікаў незалежнасці і за сябе, і за тых, хто не зможа гэта зрабіць па ўважлівых прычынах ".
Лідэр Партыі БНФ таксама паведаміў, што ў пачатку наступнага тыдня заяўнікі акцыі павінны сустрэцца з прадстаўнікамі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, каб абмеркаваць пытанні бяспекі, паведамляе БелаПАН.
Рух “За Свабоду” як адзін з заяўнікаў акцыі заклікае ўлады зрабіць сёлетняе 25 сакавіка выходным днём. "Мы перакананыя, што тысячы беларусаў гатовыя адпрацаваць наўзамен якую-небудзь з суботаў, — гаворыцца ў паведамленні Руху. — У адмоўным выпадку мы заклікаем беларусаў масава браць адгулы на працы і ўсё адно сабрацца разам у цэнтры сталіцы, каб адсвяткаваць Дзень Волі.
Сёлета святкаванне гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі пройдзе пад знкам салідарнасці з Украінай і пратэсту супраць антыдэмакратычнай палітыкі ўладаў Беларусі.
Дзень Волі — неафіцыйнае беларускае свята, гадавіна ўтварэння першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года прынятая Трэцяя Устаўная грамата). Сучасная назва свята з'явілася ў пачатку 1990-х гадоў.