Сахашчык і Залужны. Перамовы ідуць

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык у сваіх сацыяльных сетках апублікаваў здымак з галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Украіны Валерыем Залужным. Вось што пра гэта вядома.

sahaszczyk_i_zaluzny.jpg

З крыніц, блізкіх да спадара Сахашчыка, «Радыё Свабод*» стала вядома, што гэта не першая сустрэча між Сахашчыкам і Залужным. Беларуса прымаюць ва Украіне на вельмі высокім узроўні.
Здымак з'явіўся з кароткім подпісам: «План гатовы».
«Сустрэчы між імі адбываліся і раней. Публікацыя фотаздымка — гэта не дэкларацыя нейкіх намераў. Фота апублікавана ў той момант, калі папярэднія дамоўленасці ўжо пачалі выконвацца», — пракаментавала крыніца з асяроддзя Сахашчыка.
Валер Сахашчык — падпалкоўнік, у мінулым камандзір дэсантна-штурмавой брыгады ў Берасці. У армейскім асяроддзі быў вядомы як «Чорны арол». У 2020 годзе падтрымаў пратэст у Беларусі. У 2022 годзе рэзка выказаўся пра ўдзел беларусаў у вайне ва Украіне. 10 жніўня 2022 года падчас канферэнцыі «Новай Беларусі» ў Вільні стаў «міністрам абароны» ў кабінеце Святланы Ціханоўскай.
«Сахашчык і Залужны паразумеліся на сучасным падыходзе да вядзення баявых дзеянняў. Погляды ў іх вельмі падобныя», — паведаміла крыніца.
На пачатку снежня падчас прэс-канферэнцыі ў Варшаве Валер Сахашчык казаў, што ва Украіне будзе створана беларуская вайсковая частка, у якую ўвойдуць добраахвотнікі з нашай краіны.
«Гэта сіла, што ўраўнаважыць узаемаадносіны цяперашняй беларускай улады і большай часткі народа, якая выказалася на выбарах за перамены. І я ўпэўнены, што на сёння паўтарэнне сцэнарыя 2020 года немагчыма», — казаў Сахашчык.
На дадзены момант ва Украіне ваююць некалькі сотняў беларускіх добраахвотнікаў, раскіданых паміж палком Каліноўскага, Беларускім добраахвотніцкім корпусам, палком «Пагоня», а таксама ўкраінскімі вайсковымі часткамі.
Ад пачатку поўнамаштабнай вайны загінулі 18 беларускіх добраахвотнікаў.